Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/16/726897/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:16
16.09.2014 12:11 Палітыка

Парашэнка прапаноўвае надаць акупаваным тэрыторыям Данбаса асаблівы статус тэрмінам на тры гады

Мінск, 16 верасня. Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заклікаў дэпутатаў парламента з асаблівай адказнасцю паставіцца да разгляду ў Вярхоўнай радзе прапанаваных ім законапраектаў, што тычацца мірнага плана па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе.

15 верасня на нарадзе з кіраўнікамі фракцый ён нагадаў, што ключавымі элементамі мірнага плана, з якімі ён ішоў на прэзідэнцкія выбары, з'яўляюцца пытанні асаблівага статусу асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей, якія "дэ-факта з'яўляюцца элементамі дэцэнтралізацыі з поўным і безумоўным выкананнем суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці нашай дзяржавы, з гарантаванай прыналежнасцю дзяржаве ўсіх асноўных атрыбутаў, уключаючы знешнюю, палітыку бяспекі, прававую палітыку".

Паводле слоў Парашэнкі, якія прыводзіць яго прэс-служба, асаблівы статус мае дакладнае вызначэнне па часе — тры гады. "За гэты час у нас будзе магчымасць увасобіць у жыццё пытанні глыбокай дэцэнтралізацыі, што таксама павінна быць прадметам унясення адпаведных зменаў у Канстытуцыю", — заявіў ён.

Кажучы аб прапанаваным ім законапраекце аб амністыі, Парашэнка зазначыў, што пад яе не падпадаюць злачынцы, якія ўчынілі злачынствы па артыкулах Крымінальнага кодэкса за наўмыснае забойства, тэрарызм, замах на жыццё дзяржаўнага дзеяча, работніка праваахоўных органаў, суддзі, згвалтаванне, марадзёрства, здзек з загінулых,  помнікаў, і цэлы шэраг іншых артыкулаў, якія павінны забяспечыць цэласнасць дзяржавы. "Астатнія артыкулы — гэта абсалютна нармальная сусветная практыка — з'яўляюцца інструментам, які дазваляе пачаць палітычную рэалізацыю праграмы па ўстанаўленні міру. Няма зараз больш важнай задачы для нас, чым мір. І гэта ключавыя пазіцыі, якія яго забяспечаць. Звяртаю вашу ўвагу, што зрыў гэтага працэсу цягне непрадказальныя наступствы, і кожны з вас можа зразумець, якія", — заявіў Парашэнка.

5 верасня ў Мінску кантактная група па Украіне з удзелам прадстаўнікоў Кіева, Масквы, АБСЕ і сепаратыстаў Данбаса ўхваліла пратакол з 12 пунктаў, які прадугледжвае, у прыватнасці, спыненне агню і дэцэнтралізацыю ўлады, у тым ліку шляхам прыняцця закона "Аб часовым парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей". Плануецца, што выбары на гэтай тэрыторыі пройдуць 9 лістапада.

Законапраект аб асаблівым статусе шэрагу тэрыторый Данбаса парламент разгледзіць 16 верасня.

Прадстаўнік самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Андрэй Пургін заявіў РІА Новости, што "гэта законапраект для Украіны", а для ДНР "законы стварае наш уласны парламент".

Тым часам, як паведаміў прэс-цэнтр Савета бяспекі і абароны Украіны, Дзяржпагранслужба пачала мерапрыемствы па стварэнні паласы бяспекі ўздоўж лініі размежавання ў Данбасе паміж раёнамі пад кантролем сіл АТА і тэрыторыямі, захопленымі тэрарыстамі ДНР і ЛНР.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН