Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/18/727637_727644/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:47
18.09.2014 16:54 Палітыка

У Мінску плануецца чарговае пасяджэнне кантактнай групы па Украіне

Мінск, 18 верасня. 19 верасня ў Мінску плануецца чарговае пасяджэнне кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне, паведаміў у чацверг на брыфінгу ў Днепрапятроўску экс-прэзідэнт Украіны, прадстаўнік гэтай кантактнай групы Леанід Кучма.

"Я заўтра зноў вылятаю ў Мінск разам з групай АБСЕ", — цытуе Кучму агенцтва УНІАН. Паводле яго слоў, "будуць нялёгкія перамовы, плануецца прыняць дакумент, што трэба рабіць у забеспячэнне раней прынятага пратакола" (папярэдняга пратакола да пагаднення аб спыненні агню на Данбасе, падпісанага ў Мінску 5 верасня. — БелаПАН.).

На далейшых перамовах па ўрэгуляванні сітуацыі "мы не павінны паступацца тэрытарыяльнай цэласнасцю Украіны", сказаў Кучма. "Я ведаю выразную пазіцыю прэзідэнта Украіны па гэтым пытанні — гэта "свяшчэнная карова". Мы не прызнаем федэралізацыі і рэспублік", — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Кучмы, дакумент кантактнай групы з 12 пунктаў, падрыхтаваны раней, у першую чаргу прызначаны для ўкраінскай улады. Разам з тым справа ўлад, у тым ліку і расійскіх, як прымяняць гэтыя пункты. "Мала хто звярнуў увагу, у тым ліку і ў Вярхоўнай радзе, што ў адным з пунктаў дакумента АБСЕ выразна запісана — кантроль над украінска-расійскай мяжой. Калі не будзе кантролю, а гэта задача АБСЕ, ні пра які мір нельга гаварыць. Калі мяжа адкрыта для руху расійскай тэхнікі і ваеннай сілы, то далейшыя перспектывы можна сабе толькі ўявіць", — падкрэсліў Кучма.

Ён лічыць, што кантактная група сваю задачу выканала, а ў якім выглядзе будуць прымаць законапраекты аб сітуацыі ў Данбасе, залежыць ад Вярхоўнай рады. Паводле меркавання Кучмы, цяпер важным з`яўляецца вывад з Данбаса расійскай тэхнікі і ваенных, абмен ваеннапалоннымі і гэтак далей.

"У гэтай вайне з Расіяй мы не можам быць пераможцамі, таму што ўкраінская армія ваюе зброяй узору ХХ стагоддзі, а Расія — тэхнікай ХХІ стагоддзя. Сведчаннем гэтаму тое, што тэрарысты на Данбасе ўзброены тэхнікай, якая з адлегласці за тры кіламетры расстрэльвае ўкраінскіх байцоў і прашывае браню нашых танкаў", — сказаў Кучма. Ён таксама дадаў, што праўда пра колькасць загінулых у зоне АТА невядомая.

У прэс-службе МЗС Беларусі БелаПАН пацвердзілі, што 19 верасня ў Мінску плануецца сустрэча кантактнай групы, аднак дакладны склад удзельнікаў, месца і час правядзення пакуль невядомыя.

Кіраўнік прэс-цэнтра самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі Уладзімір Інагародскі заявіў БелаПАН, што прадстаўнікі ЛНР "абавязкова прыедуць на сустрэчу", але пакуль невядома, хто менавіта.

Нагадаем, папярэдні раўнд перамоў кантактнай групы ў фармаце Украіна — АБСЕ — Расія — сепаратысты Данбаса прайшоў у Мінску 5 верасня. На ім быў прыняты пратакол, галоўным пунктам якога значылася спыненне агню. Як заяўляюць бакі канфлікту, перамір`е ў асноўным выконваецца, ідзе паступовы абмен палоннымі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН