Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/18/727683_727684/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:46
18.09.2014 19:26 Палітыка

Першы віцэ-прэм`ер самаабвешчанай ДНР Пургін вылецеў у Мінск на сустрэчу кантактнай групы

Мінск, 18 верасня. Першы віцэ-прэм`ер самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Андрэй Пургін вылецеў у Мінск, дзе ў пятніцу адбудзецца трэцяя сустрэча кантактнай групы па сітуацыі ва Украіне, паведаміла намеснік Пургіна Алена Пургіна.

"Андрэй Яўгеньевіч ужо вылецеў у Мінск", — сказала яна РИА Новости.

"Сярод асноўных пытанняў — абмеркаванне закона аб асаблівым статусе, а таксама некаторыя моманты па выкананні рашэнняў, зафіксаваных у пратаколе папярэдняй сустрэчы", — сказаў Пургін у чацвер вечарам расійскаму "Интерфаксу".

Ён паведаміў, што разам з ім у пасяджэнні кантактнай групы будзе браць удзел прэм`ер-міністр самаабвешчанай ДНР Аляксандр Захарчанка.

Раней паведамлялася, што ў пятніцу ў Мінску пройдзе чарговая сустрэча кантактнай групы па сітуацыі ва Украіне, аднак дакладны час і месца правядзення дагэтуль невядомыя.

У прэс-службе МЗС Беларусі БелаПАН пацвердзілі, што 19 верасня ў Мінску плануецца сустрэча кантактнай групы, аднак дакладны склад удзельнікаў, месца і час правядзення пакуль невядомыя.

Кіраўнік прэс-цэнтра самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі Уладзімір Інагародскі заявіў БелаПАН, што прадстаўнікі ЛНР "абавязкова прыедуць на сустрэчу", але пакуль невядома, хто канкрэтна.

Нагадаем, папярэдні раўнд перамоў кантактнай групы ў фармаце Украіна — АБСЕ — Расія — сепаратысты Данбаса прайшоў у Мінску 5 верасня. На ім быў прыняты пратакол, галоўным пунктам якога значылася спыненне агню. Як заяўляюць бакі канфлікту, перамір`е ў асноўным выконваецца, ідзе паступовы абмен палоннымі.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН