Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/20/728061_728062/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:34
20.09.2014 15:16 Палітыка, Грамадства

СНБА Украіны: Выкананне ўмоў мінскага мемарандума аб адводзе войскаў і стварэнні буфернай зоны на ўсходзе павінна пачацца ўжо сёння

Мінск, 20 верасня. Выкананне ўмоў падпісанага 19 верасня ў Мінску мемарандума аб адводзе войскаў і стварэнні буфернай зоны на ўсходзе Украіны павінна пачацца ўжо сёння, паведаміў 20 верасня на брыфінгу ў Кіеве намеснік кіраўніка Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Савета нацыянальнай бяспекі і абароны (СНБА) Украіны Уладзімір Палявой, адказваючы на пытанні журналістаў.

"У адпаведнасці з тэкстам мемарандума стварэнне так званай 15-кіламетровай буфернай зоны кожны з бакоў павінен пачаць з сённяшняга дня. Выкананне ўмоў мемарандума будзе кантраляваць АБСЕ, якая з'яўляецца трэцім бокам", — прыводзіць словы Палявога агенцтва УНИАН.

Нагадаем, 19 верасня ў Мінску ўдзельнікі кантактнай групы па Украіне ўзгаднілі дзевяць параметраў перамір'я на Данбасе. Выкананне ўмоў мемарандума будзе кантраляваць АБСЕ.

Як паведаміў журналістам экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, першым пунктам значыцца "спыненне прымянення зброі, якое лічыцца агульным".

Мемарандум таксама прадугледжвае спыненне падраздзяленняў і фарміраванняў абодвух бакоў па лініі іх сутыкнення на 19 верасня, уводзіць забарону на выкарыстанне ўсіх відаў узбраення, прадугледжвае давод сродкаў паражэння калібрам больш за 100 мм на адлегласць не менш чым 15 км ад лініі сутыкнення супральлеглых бакоў, у тым ліку з населеных пунктаў.

Паводле слоў Кучмы, гэтая мера дазволіць стварыць "зону бяспекі" шырынёй не менш чым 30 км.

Дакумент таксама забараняе размяшчэнне ўзбраення ў населеных пунктах, устаноўку мінна-выбуховых загароджаў, а таксама выкарыстанне баявой авіяцыі і іншых лятальных апаратаў, акрамя беспілотнікаў АБСЕ.

У зоне бяспекі на працягу сутак пасля падпісання мемарандума плануецца разгарнуць маніторынгавую місію АБСЕ.

Кучма падкрэсліў, што апошнім пунктам мемарандума значыцца "вывад усіх замежных узброеных фарміраванняў, баевікоў і ваеннай тэхнікі з тэрыторыі Украіны". Як заявіў пасол Расіі Міхаіл Зурабаў, пад замежнымі ўзброенымі фарміраваннямі разумеюцца наёмнікі, якія ваююць з абодвух бакоў.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН