Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/20/728068_728070/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:13
20.09.2014 16:44 Палітыка

АБСЕ апублікавала арыгінал падпісанага ў Мінску мемарандума аб выкананні палажэнняў пратакола па Украіне ад 5 верасня

Мінск, 20 верасня. АБСЕ апублікавала на сваім сайте арыгінал падпісанага мінулай ноччу ў Мінску мемарандума аб выкананні палажэнняў пратакола па Украіне ад 5 верасня.

У дакуменце адзначаецца, што "ў мэтах выканання пункта 1 пратакола па выніках кансультацый у Мінску 5 верасня 2014 года трохбаковай кантактнай групы адносна крокаў, накіраваных на імплементацыю мірнага плана прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі і ініцыятыў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна ўдзельнікі трохбаковай кантактнай групы ў складзе прадстаўнікоў Украіны, РФ і АБСЕ і прадстаўнікі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей дасягнулі разумення адносна наступных мер, закліканых замацаваць дамоўленасці аб двухбаковым спыненні прымянення зброі":

1. Спыненне прымянення зброі лічыцца агульным.

2. Спыненне падраздзяленняў і вайсковых фарміраванняў бакоў на лініі іх сутыкнення па стане на 19 верасня 2014 года.

3. Забарона на прымяненне ўсіх відаў зброі і вядзенне наступальных дзеянняў.

4. На працягу сутак з моманту прыняцця гэтага Мемарандума — адвод сродкаў паражэння калібрам звыш 100 мм ад лініі сутыкнення на адлегласць не менш чым 15 км з кожнага боку (за выключэннем абазначаных ніжэй), у тым ліку з населеных пунктаў, што дасць магчымасць стварыць зону спынення прымянення зброі шырынёй не менш чым 30 км (зону бяспекі).

Пры гэтым адвесці ад лініі сутыкнення бакоў артылерыйскія сістэмы калібрам звыш 100 мм на аддаленне іх максімальнай далёкасці стральбы, у прыватнасці:

- 100 мм гармата МТ-12 1 9 км; 120 мм мінамёты — 8 км; 122 мм гаўбіца Д-30 (2С1 "Гваздзіка") 1 16 км; 152 мм 2С5 "Гіяцынт-С" (2С3 "Акацыя", 2С19 "Мста-С", 2А65 "Мста-Б") — 33 км, РСЗО 9К51 "Град" — 21 км, 9К57 "Ураган" — 36 км, 9К58 "Смерч" — 70 км, РСЗО "Тарнада-Г" — 40 км, РСЗО - "Тарнада-У" — 70 км, РСЗО "Тарнада-С" — 120 км;

- тактычныя ракетныя комплексы — 120 км.

5. Забарона на размяшчэнне цяжкага ўзбраення і ваеннай тэхнікі ў раёне, абмежаваным населенымі пунктамі Камсамольскае, Кумачава, Новаазоўск, Саханка, пры маніторынгу АБСЕ.

6. Забарона на ўстаноўку новых мінна-выбуховых інжынерных загароджаў у межах зоны бяспекі.

Абавязацельства на зняцце раней устаноўленых мінна-выбуховых загароджаў у зоне бяспекі.

7. Забарона з моманту прыняцця гэтага Мемарандума палётаў баявой авіяцыі і замежных беспілотных лятальных сродкаў (БПЛА), за выключэннем БПЛА, якія выкарыстоўваюцца маніторынгавай (назіральнай) місіяй АБСЕ, уздоўж усёй лініі сутыкнення бакоў у зоне спынення прымянення зброі на шырыню не менш чым 30 км.

8. Разгортванне ў зоне спынення прымянення зброі маніторынгавай (назіральнай) місіі АБСЕ ў складзе груп назіральнікаў Арганізацыі на працягу сутак з моманту прыняцця гэтага Мемарандума. Названую зону мэтазгодна раздзяліць на сектары, колькасць і межы якіх узгадніць у ходзе падрыхтоўкі да працы маніторынгавай (назіральнай) місіі АБСЕ.

9. Вывад усіх замежных узброеных фарміраванняў, ваеннай тэхнікі, а таксама баевікоў і наёмнікаў з тэрыторыі Украіны пры маніторынгу АБСЕ".

Пад апублікаваным мемарандумам, датаваным 19 верасня 2014 года, стаяць подпісы: пасол Хайдзі Тальявіні, другі прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, пасол РФ ва Украіне Міхаіл Зурабаў, а таксама А.В.Захарчанка і І.В.Платніцкі.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН