Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/21/728094/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:42
21.09.2014 12:37 Палітыка, Грамадства

Генсек ААН прывітаў падпісанне мінскага мемарандума

Мінск, 21 верасня. Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун прывітаў падпісанне ў Мінску мемарандума па ажыццяўленні рэжыму спынення агню ва Украіне і заклікаў усе бакі забяспечыць найхутчэйшае выкананне дасягнутых дамоўленасцяў.

Паводле інфармацыі ІТАР-ТАСС са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка генсека Фархана Хака, "ажыццяўленне дамоўленасцяў адкрые шлях да мірнага ўрэгулявання крызісу ва Украіне".

"Генеральны сакратар заклікае ўсе бакі забяспечыць найхутчэйшае выкананне агавораных мер, якія, калі давесці да канца, адыграюць вырашальную ролю ў забеспячэнні ўстойлівага рэжыму спынення агню і адкрыюць шлях да далейшага прагрэсу ў ажыццяўленні мірнага плана (урэгулявання крызісу)", — сказаў ён.

Паводле слоў дыпламата, Пан Гі Мун цвёрда прытрымліваецца меркавання пра тое, што канфлікт ва Украіне "не вырашыць ваенным шляхам".

"Гэтага можна дабіцца толькі праз дыялог і павагу ўсімі бакамі сваіх абавязацельстваў па мірным урэгуляванні", — падкрэсліў ён. Як паведаміў Хак, ААН гатова аказаць сваю падтрымку ў гэтым кірунку, "калі яна спатрэбіцца".

Як паведамляла УНІАН, у ноч на 20 верасня ў Мінску па выніках сустрэчы трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне быў падпісаны мемарандум. Дакумент складаецца з дзевяці пунктаў, у якіх утрымліваецца забарона на прымяненне ўсіх відаў зброі і вядзенне наступальных дзеянняў. Згодна з мемарандумам, супрацьборныя бакі абавязваюцца адвесці сваю цяжкую ваенную тэхніку ад умоўнай лініі фронту на 15 км кожны.

Уздоўж усёй расійска-ўкраінскай мяжы будзе працаваць назіральная місія АБСЕ.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН