Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/21/728141_728143/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:16
21.09.2014 17:07 Палітыка

АБСЕ выказвае ўдзячнасць усім удзельнікам кантактнай групы па Украіне і заяўляе пра гатоўнасць "працягваць цеснае супрацоўніцтва" ў вырашэнні ваеннага крызісу

Мінск, 21 верасня. Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) выказала ўдзячнасць усім удзельнікам кантактнай групы па Украіне і заявіла пра гатоўнасць "працягваць цеснае супрацоўніцтва".

АБСЕ вітае падпісанне мемарандума 19 верасня ў Мінску, гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на афіцыйным сайце арганізацыі 21 верасня. "Спыненне агню, адвод узбраення і размініраванне тэрыторыі — жыццёва важны першы крок для дээскалацыі канфлікту", — падкрэсліваюць у АБСЕ.

Паведамляецца таксама, што на ўсходзе Украіны ўжо знаходзяцца 80 назіральнікаў місіі АБСЕ, якія кантралююць ход выканання пункта аб рэжыме спынення агню, замацаванага ў мінскім мемарандуме. "Гэтыя каманды будуць разгорнутыя ля Марыупаля, Данецка, Канстанцінаўкі, Севераданецка і Луганска, дзе павінен выконвацца пункт мемарандума аб спыненні агню", — зазначае АБСЕ. У арганізацыі разлічваюць, што "назіральнікі змогуць працаваць у бяспецы і будуць мець свабоду перамяшчэння".

"Мы выказваем удзячнасць спецыяльнаму прадстаўніку дзейнага старшыні АБСЕ, паслу Хайдзі Тальявіні, і іншым членам трохбаковай кантактнай групы за іх рашучасць і гатоўнасць. Мы будзем рады працягваць цеснае супрацоўніцтва з імі", — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Нагадаем, у ноч на 20 верасня ў Мінску па выніках шасцігадзінных перамоў кантактнай групы ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ — сепаратысты самаабвешчаных ДНР і ЛНР быў падпісаны мемарандум аб выкананні палажэнняў мірнага пратакола ад 5 верасня. Згодна з мемарандумам ужо ў суботу, 20 верасня, павінен быў пачацца адвод войскаў на Данбасе ў межах стварэння 30-кіламетровай буфернай зоны.

Між тым, паводле інфармацыі прэс-цэнтра Антытэрарыстычнай аперацыі (АТА), па стане на 21 верасня ў Луганскай і Данецкай абласцях працягваюцца абстрэлы пазіцый украінскіх сіл з боку тэрарыстаў і расійскіх ваенных. У сваю чаргу, у Савеце нацыянальнай бяспекі і абароны (СНБА) Украіны падкрэсліваюць: пакуль баевікі парушаюць перамір'е, галоўны пункт мінскага мемарандума, выкананне астатніх дамоўленасцяў, у тым ліку адвод украінскіх войскаў, немагчымы. Паводле апошніх звестак СНБА, у выніку абстрэлаў у зоне АТА 20 і 21 верасня загінулі двое ваенных, яшчэ восем — параненыя, паведамляе агенцтва УНІАН.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН