Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/21/eu_eu_728124_728126/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:06
21.09.2014 15:16 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

ЕС заклікае да поўнай рэалізацыі падпісанага ў Мінску пагаднення аб спыненні агню ва Украіне

Мінск, 21 верасня. Еўрасаюз вітае дасягнутыя ў Мінску 19 верасня дамоўленасці аб спыненні агню ва Украіне і заклікае да поўнай іх рэалізацыі бакамі канфлікту.

"Мы вітаем пагадненне, дасягнутае ў Мінску, аб механізме рэалізацыі перамір'я ва Украіне", — гаворыцца ў заяве Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, апублікаванай на яе афіцыйным сайце

Зазначаецца, што спыненне агню ўжо прывяло "да значнага зніжэння жорсткасці". "Працэс абмену палоннымі, які працягваецца, і прыняцце Вярхоўнай радай Украіны законаў аб амністыі і аб спецыяльным статусе самакіравання некаторых тэрыторый Данецкай і Луганскай абласцей сталі ключавымі пунктамі ў рэалізацыі мінскага пратакола ад 5 верасня гэтага года", — канстатуе Еўрапейская служба знешніх дзеянняў.

Пры гэтым у заяве падкрэсліваецца: усе элементы пратакола ад 5 верасня і пагаднення ад 19 верасня "павінны цалкам выконвацца бакамі". "Працяглае спыненне агню застаецца ключавым для поспеху цяперашніх намаганняў па дасягненні стабільнага палітычнага рашэння, якое базіруецца на павазе суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны", — сказана ў дакуменце.

ЕС таксама заяўляе пра гатоўнасць падтрымаць намаганні, скіраваныя на рэалізацыю мірных пагадненняў, у тым ліку ў межах АБСЕ.

Нагадаем, у ноч на 20 верасня ў Мінску па выніках шасцігадзінных перамоў кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне быў падпісаны мемарандум аб выкананні палажэнняў пратакола ад 5 верасня.

Першым пунктам гэтага дакумента значыцца "спыненне прымянення зброі, якая лічыцца агульнай". Мемарандум таксама прадугледжвае спыненне падраздзяленняў і фарміраванняў абодвух бакоў па лініі іх сутыкнення на 19 верасня, уводзіць забарону на выкарыстанне ўсіх відаў узбраення, прадугледжвае адвод сродкаў паражэння калібрам больш за 100 мм на адлегласць не менш чым 15 км ад лініі сутыкнення супрацьлеглых бакоў, у тым ліку з населеных пунктаў.

Дакумент таксама забараняе размяшчэнне ўзбраення ў населеных пунктах, устаноўку мінна-выбуховых загароджаў, а таксама выкарыстанне баявой авіяцыі і іншых лятальных апаратаў, акрамя беспілотнікаў АБСЕ. У зоне бяспекі на працягу сутак пасля падпісання мемарандума плануецца разгарнуць маніторынгавую місію АБСЕ. Дакумент прадугледжвае "вывад усіх замежных узброеных фарміраванняў, ваеннай тэхнікі, а таксама баевікоў і наёмнікаў з тэрыторыі Украіны пры маніторынгу АБСЕ".

20 верасня агенцтва ІТАР-ТАСС са спасылкай на крыніцу ў кіраўніцтве самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі паведаміла, што наступная сустрэча кантактнай групы павінна прайсці ў Мінску праз тыдзень. Да гэтага часу бакі плануюць правесці дзве-тры відэаканферэнцыі па рэалізацыі заключанага ў Мінску мемарандума.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН