Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/22/728166_728167/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2018 13:51
22.09.2014 09:11 Палітыка, Грамадства

Выйграць вайну на Данбасе ваеннымі метадамі немагчыма, лічыць прэзідэнт Украіны

Мінск, 22 верасня. Выйграць вайну ў Данецку і Луганску выключна ваеннымі метадамі немагчыма. Як паведамляе УНІАН такую заяву прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка зрабіў у інтэрв'ю журналістам украінскіх тэлеканалаў.

"Падкрэсліваю — вайну ў горадзе Данецк, у горадзе Луганск выйграць выключна ваеннымі метадамі немагчыма. Камусьці здаецца, што мы цяпер збярэм тры-чатыры батальёны, увойдзем, сканцэнтруем бранявы кулак, накрыем артылерыйскай падтрымкай, пашлем наперад спецназ, ліквідуем або ўзарвем органы кіравання, і нам усё хутка ўдасца — няпраўда. Нам гэтага не дадуць зрабіць. Чым больш там будзе батальёнаў тактычных груп або брыгад украінскай арміі, тым больш там будзе войскаў РФ", — патлумачыў сваю пазіцыю кіраўнік украінскай дзяржавы.

Пры гэтым Парашэнка падкрэсліў, што Расія патраціла мільярды долараў на стварэнне негатыўнага іміджу Украіны.

У паведамленні на сайце прэзідэнта Украіны гаворыцца, што Пётр Парашэнка акцэнтаваў увагу на важнасці для краіны міжнароднай падтрымкі. Ён адзначыў адзіны падыход усіх лідараў Еўрасаюза. "Каштоўнасці заўсёды маюць перавагу над грашыма, і Еўрасаюз прадэманстраваў гэта на працягу апошніх чатырох-пяці месяцаў і працягвае дэманстраваць", — падкрэсліў кіраўнік украінскай дзяржавы, дадаўшы, што грошы, якія Расія працягвае ўкладваць у інфармацыйную атаку на Украіну, выкідваюцца на вецер.

Парашэнка адзначыў важнасць прыняцця Мінскага мемарандума на шляху да міру. Паводле яго слоў, гэты дакумент дэталізуе механізм спынення агню і стварае перадумовы спынення ўзброенага супрацьстаяння.

"Упэўненасці мне надае тое, што жыхары Данецка, Луганска стаміліся і ненавідзяць усіх, хто са зброяй, і вітаюць усіх, хто прынясе мір. Мір на Данбас прынясе Украіна", — упэўнены Пётр Парашэнка.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН