Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/24/729008_729009/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:16
24.09.2014 22:04 Палітыка

Лукашэнка: Расія ва Украіне не ваявала, а калі будзе ваяваць, толькі горш зробіць

Мінск, 24 верасня. Вайны ва Украіне не будзе, заявіў Аляксандр Лукашэнка 24 верасня ў Кішынёве.

"Таму што яна не патрэбна нікому. Вайна вядзецца, калі хтосьці думае перамагчы, але ўсе бакі канфлікту перакананыя, што перамогі ім не атрымаць: ні ўкраінская армія не пераможа, ні армія супраціўлення, якая там ёсць і якую завуць сепаратыстамі. Многія лічаць, што там Расія ваюе, Расія там не ваявала, і, калі яна будзе ваяваць, яна таксама не пераможа, толькі горш зробіць", — прыводзіць словы Лукашэнкі дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.

"Ведаючы псіхалогію, вельмі добра ведаючы кіраўніцтва Расіі, — Расія не жадае ні з кім весці, а ў гэтай сітуацыі тым больш, эканамічную вайну, — лічыць беларускі кіраўнік. — Калі Украіна, Малдова, іншыя краіны, падпісаўшы дагавор аб асацыяцыі з ЕС, не будуць шкодзіць Расіі, я ўпэўнены, хуткім часам, калі ўрону расійскай эканоміцы не будзе, вы нармалізуеце з ёй адносіны. Расія ў гэтай сітуацыі проста спрабуе абараніцца".

Лукашэнка адзначыў, што пэўная насцярожанасць ёсць не толькі ў Расіі, але і ў Беларусі, і пра гэта было сказана прэзідэнту Украіны Пятру Парашэнку на апошняй сустрэчы ў Мінску 26 жніўня. Украінскаму прэзідэнту "былі прыведзеныя канкрэтныя палажэнні дагавора аб асацыяцыі з Еўрасаюзам, якія выклікаюць насцярожанасць". Паводле слоў Лукашэнкі, Парашэнка запэўніў, што калі гэта насцярожанасць перарасце ў канкрэтныя факты, то ўкраінскі бок будзе несці за гэта адказнасць. "На гэтым і вырашылі", — сказаў беларускі кіраўнік.

"Таму не трэба шкодзіць адзін аднаму. Ашукаць, абысці, змікшаваць неяк сітуацыю не атрымаецца: усюды добрыя спецыялісты: і ў Малдове, і ў Расіі, і ў Беларусі, і ва Украіне. Усё пралічваецца", — падкрэсліў ён.

Лукашэнка таксама адзначыў, што дасягнутыя Беларуссю дамоўленасці з Малдовай ніяк не могуць шкодзіць ні Расіі, ні Казахстану: "Мы не ствараем нашы адносіны супраць кагосьці. Мы ствараем іх на карысць нашых народаў і не на шкоду камусьці".

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН