Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/25/by_media_spevy_v/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2018 05:08
25.09.2014 14:53 Відэа, Грамадства

Паэт Аляксей Чубат: "Спеўны сход" патрэбен, каб беларусы ведалі свае песні і ўкладвалі ў іх часцінку сябе і новага часу

Вечарам 24 верасня ў Мінску адкрыўся новы сезон "Спеўнага сходу", які працягнецца да лета.

Падчас сустрэчы, якая была даволі шматлюднай, яе ўдзельнікі пазнаёміліся з архаічнымі беларускімі песнямі, узялі ўдзел у майстар-класах Сержука Доўгушава па прыродным гуку і дыханні і Ірыны Мазюк па этнічным спеве, спявалі народныя песні пад старажытныя гуслі разам з музыкантам Алесем Чумаковым (гурт "Стары Ольса").

"Гэты праект мы пачалі ўвесну гэтага года, — распавёў БелаПАН суарганізатар "Спеўнага сходу" Аляксей Чубат. — І ён настолькі зацікавіў і нас, і ўдзельнікаў, што мы знайшлі магчымасць яго працягнуць. У нас ёсць шмат цікавых гуртоў, якія спяваюць народныя песні ў старой аўтэнтычнай манеры. Тут жа, на "Спеўных сходах", вядучы Сяргей Доўгушаў спрабуе разам з людзьмі спяваць іх, скажам так, на новы лад. Каб беларусы ведалі свае песні і ўкладвалі ў іх часцінку сябе, часцінку новага часу".

Што прывяло людзей на "Спеўны сход"? "Усё адразу, — адказвае ўдзельнік сустрэчы Уладзімір Шыпіла, — і жаданне адчуць сябе беларусам, і жаданне павучыцца спяваць, і жаданне сустрэцца і пагутарыць з прыемнымі людзьмі".

"Мы вельмі мала ведаем беларускіх песень, — дзеліцца меркаваннем Паліна Грынчанка. — У дзяцей, напрыклад, знаёмства з імі адбываецца толькі ў школе, і то толькі тады, калі з настаўнікам пашанцуе. І ў выніку ў дарослы ўзрост гарадскі жыхар прыходзіць абсалютна без уяўлення, што такое беларускія спевы. Але ж гэта вельмі важная частка светапогляду чалавека — тым больш што калі спяваеш, проста яднаешся з народам, з яго душой".

"Народныя песні не павярхоўныя, яны не вакол нейкай ідэі, кімсьці прыдуманай, — лічыць Чумакоў. — У іх ёсць глыбіня, якую адчуваеш, у якую верыш. Этнічны напрамак — адзін з напрамкаў, верагодных для такіх спеваў. Сёння, калі фольк-музыка актуальная і калі вяртанне да вытокаў проста неабходнае, такія сходы абавязкова павінны быць".

У кастрычніку арганізатары "Спеўнага сходу" плануюць звярнуцца да дзіцячага фальклору, гульняў, калыханак і забаўлянак, у лістападзе — пагартаць "Полацкі сшытак", дакрануцца да псалмоў і беларускай духоўнай песні, у снежні — пакалядаваць.

"Спеўны сход" будзе праходзіць у Blue Sky Talent Company, удзел у ім бясплатны.
Відэа Андрэя Корсака, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН