Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/26/729409_729415/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2018 15:58
26.09.2014 13:40 Палітыка

Папа рымскі Францыск адзначыў ролю Беларусі ў працэсе аднаўлення міру ва Украіне

Мінск, 26 верасня. Папа рымскі Францыск адзначыў ролю Беларусі ў працэсе аднаўлення міру ва Украіне. Гэта адбылося 25 верасня падчас аўдыенцыі ў апостальскім палацы апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыа Гуджэроці, паведамляе прэс-служба Беларускай каталіцкай царквы.

"Пантыфік прадэманстраваў глыбокае веданне ролі Беларусі ў працэсе аднаўлення міру ва Украіне і выказаў упэўненасць, што асаблівая роля хрысціян — быць міратворцамі, таму што любоў мацнейшая за любыя этнічныя падзелы і палітычныя рознагалоссі", — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі прэс-службы, "пантыфік з энтузіязмам прыняў да ведама, што каталіцкая царква ў Беларусі застаецца жывой і актыўнай супольнасцю". Папа Францыск падкрэсліў, што і ў далейшым Святы прастол будзе дзейнічаць на карысць беларускага народа, і выказаў надзею, што атмасфера дыялогу і ўзаемаразумення паміж Святым прастолам і Рэспублікай Беларусь "будзе ўмацоўвацца, дазваляючы знайсці станоўчае рашэнне некаторых адкладзеных пытанняў".

Гуджэроці перадаў пантыфіку падарунак ад беларускай каталіцкай моладзі — некалькі пілігрымскіх футболак з паломніцтва ў санктуарый Маці Божай Будслаўскай.

Папа Францыск выказаў надзею на тое, што маладыя беларусы, незалежна ад веравызнання і перакананняў, адчуваюць сябе "пратаганістамі будучыні, людзьмі неабыякавымі да агульнага дабрабыту сваёй краіны і ўсяго чалавецтва".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН