Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/27/729617_729618/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:42
27.09.2014 14:39 Палітыка

Рыхтуецца новы раўнд перамоў кантактнай групы па Украіне ў Мінску

Мінск, 27 верасня. Рыхтуецца чарговы раўнд перамоў у Мінску кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, дакладная дата іх пачатку пакуль не прызначана, паведаміў 27 верасня журналістам кіраўнік самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі Ігар Платніцкі.

У чацвер, 25 верасня, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заяўляў, што чарговыя кансультацыі кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе могуць прайсці на наступным тыдні. Паводле яго слоў, кансультацыі могуць адбыцца ў рэжыме відэаканферэнцыі.

"Рыхтуецца чарговы раўнд перамоў, дата яшчэ не ўстаноўлена, таму што шмат пытанняў, якія мы да канца не абмяркоўвалі, бакі не неслі юрыдычнай адказнасці за гэта", — цытуе Платніцкага РИА Новости.

Тым часам першы віцэ-прэм`ер самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Андрэй Пургін у пятніцу, 26 верасня, заяўляў, што ў ДНР не бачаць сэнсу ў новай сустрэчы ў Мінску, пакуль не будуць выкананы раней дасягнутыя дамоўленасці. Ён адзначаў, што тэхнічныя моманты можна абмяркоўваць і ў рэжыме Skype-канферэнцый.

У Мінску 5 верасня прадстаўнікі трохбаковай кантактнай групы (Украіна — РФ — АБСЕ) і самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік падпісалі пратакол мірнага ўрэгулявання аб спыненні агню, абмене палоннымі, адводзе цяжкай тэхнікі і стварэнні зон бяспекі пад кантролем назіральнікаў АБСЕ.

У ноч з 19 на 20 верасня пасля шасцігадзінных перамоў у Мінску ўдзельнікамі кантактнай групы быў падпісаны мемарандум. Ключавыя пункты плана — неадкладнае спыненне агню, стварэнне 30-кіламетровай буфернай зоны, дзе будзе адсутнічаць цяжкае ўзбраенне, абмен палоннымі. Бакі перыядычна абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэнні рэжыму спынення агню.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН