Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/29/729858_729877/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 10:31
29.09.2014 15:24 Культура

Гран-пры фестывалю "Тэатральны куфар" атрымаў спектакль "Крэслы" іранскага тэатра Papion

Мінск, 29 верасня. Гран-пры XI Міжнароднага фестывалю студэнцкіх тэатраў "Тэатральны куфар" атрымаў спектакль "Крэслы" паводле п'есы Эжэна Іанеска тэгеранскага тэатра Papion (Іран), паведамілі ў прэс-службе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Спектаклі студэнцкіх калектываў і тэатральных дзеячаў прайшлі на сцэнічных пляцоўках Мінска 21—27 верасня. У фестывалі ўдзельнічалі прадстаўнікі 15 краін: Албаніі, Беларусі, Бельгіі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грузіі, Ірана, Італіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Румыніі, Украіны і Харватыі. Усяго на сцэнах Дома культуры прафсаюзаў, Ліцэя БДУ і Цэнтра сучасных мастацтваў было прадстаўлена 20 спектакляў.

Сёлета тэатральны форум прайшоў пад дэвізам "Усе дарогі вядуць на "Куфар". Арганізатары перафарматавалі праграму, зрабіўшы ўпор на абмен вопытам, такім чынам, траціна выступленняў на фестывалі была адведзена прафесійным тэатрам.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбылася на сцэне Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў 27 верасня.

Гран-пры фестывалю прысуджана па выніках галасавання гледачоў. У сваю чаргу, фаварытаў у розных намінацыях вызначыў савет міжнароднага журы пад старшынствам грузінскага рэжысёра Давіда Мгебершвілі.

Лепшай рэжысёрскай работай прызнана пастаноўка "Рамэа і Джульета" Багдана Саратэана (тэатр Універсітэта імя Лучыяна Блага (Румынія)).

Дыплом за лепшую сцэнаграфію атрымаў спектакль "Гамлет" творчай лабараторыі "Эскізы ў прасторы" Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (Расія).

Прызам клуба тэатральных крытыкаў "За майстэрства і ўменне чуць час" узнагародзілі акцёраў Маладзёжнага драматычнага тэатра Нацыянальнага юрыдычнага ўніверсітэта імя Яраслава Мудрага (Украіна).

Лепшым акцёрам журы назвала Яўгена Бялова (Расія), а лепшай актрысай — Шэно Гхадэры (Іран).

Сёлета не прысуджаліся спецыяльныя прызы ўпраўлення па справах культуры БДУ.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН