Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/10/03/731216_731217/
Дата раздрукоўкі: 13.12.2018 00:24
03.10.2014 21:08 Палітыка

Лукашэнка: Беларусь не гатова прызнаць ДНР і ЛНР, праект Наваросіі мной не ўспрымаецца

Мінск, 3 кастрычніка. Беларусь не гатова прызнаць Данецкую народную рэспубліку і Луганскую народную рэспубліку, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв`ю тэлеканалу "Еўраньюс". У якасці інтэрв`юера 1 кастрычніка ў Мінску выступіў кіраўнік бюро "Еўраньюс" ва Усходняй Еўропе з офісам у Кіеве Серджыа Кантоне. Інтэрв`ю паказана вечарам 3 кастрычніка.

Адказваючы на яго пытанне аб гатоўнасці прызнаць Данецкую народную рэспубліку і Луганскую народную рэспубліку, Лукашэнка адказаў адмоўна.
 
"Не, не, але мы ж зусім іншай пазіцыі прытрымліваемся. Мы не хацелі б разбурэння Украінскай дзяржавы. Тут многія кажуць, што некалі там Крым "няправільна" адышоў да Украіны, што гэта тэрыторыя спрадвеку расійская, і гэтай далей... Гэта няправільны падыход", — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Лукашэнка таксама адказаў на пытанне, ці ўпэўнены ён у тым, што выступае як шчыры пасрэднік у гэтым канфлікце, паколькі ў журналіста "Еўраньюс" склалася ўражанне, што беларускі кіраўнік ускладае віну толькі на ўкраінскі бок, але не на прарасійскіх паўстанцаў.

"Украіна стала тэатрам ваенных дзеянняў і тэатрам разборак буйных геапалітычных сіл. Я пра гэта сказаў — гэта не толькі Захад, але і Усход, на жаль", — сказаў Лукашэнка.

"Што да Расіі, то я мяркую, што памылак нарабілі шмат тут і Захад, і Расія. Але з самага пачатку вялікую адказнасць на сабе нясе Захад, а не Расія. Не Расія на тым жа Майдане ажыццяўляла эскалацыю канфлікту, не Расія там дзейнічала, а некаторыя службовыя асобы заходніх дзяржаў, пра гэта ведае ўвесь свет, і мы таксама, таму што мы былі побач. Гэтыя асобы дзейнічалі адкрыта, падбухторваючы ўдзельнікаў Майдана да сутыкненняў", — дадаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

На яго думку, "пры жаданні Украіны, Расіі і Захаду на працягу года можна нават у гэтай сітуацыі стабілізаваць абстаноўку".

"Я з самага пачатку заяўляў пра тое, што праект, напрыклад, Наваросіі мною не ўспрымаецца. Я выступаю за адзінства і цэласнасць Украінскай дзяржавы. Каб не было там замарожаных нейкіх канфліктаў, нейкіх зон накшталт Прыднястроўя, Нагорнага Карабаха, якія заўсёды тояць небяспеку выбуху. Я асабіста гэтага не хачу як чалавек і як прэзідэнт Беларусі, таму што мы знаходзімся зусім побач з Украінай", — падкрэсліў Лукашэнка.

У цэлым, паводле яго слоў, калі казаць шырэй аб стабілізацыі сітуацыі ва Украіне, "то там на абсалютна дэмакратычных прынцыпах трэба правесці рэформу канстытуцыі і ўсяго палітычнага працэсу".

"Пакуль жа ёсць алігархія ва Украіне, якая, дарэчы, ужо мае свае ўзброеныя сілы. У алігархаў інтарэсы далёка за межамі Украіны, у іх грошы не ва Украіне, яны ў любы момант могуць з`ехаць з Украіны, у іх няма нічога агульнага з украінскім народам", — упэўнены Лукашэнка.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН