Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/10/04/731255_731256/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2018 08:11
04.10.2014 11:05 Палітыка

Генеральны сакратар ААН другі раз за апошнія два дні заклікаў бакі канфлікту ў Данбасе прытрымлівацца прынятых у Мінску абавязацельстваў

Мінск, 4 кастрычніка. Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун 3 кастрычніка, у другі раз за апошнія два дні, заклікаў бакі канфлікту на Данбасе прытрымлівацца абавязацельстваў, прынятых 19 верасня на пасяджэнні кантактнай групы па Украіне ў Мінску, і забяспечыць рэжым спынення агню.

Пан Гі Мун "засмучаны паведамленнем пра гібель супрацоўніка Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа ў Данецку", паведамляе Цэнтр навінаў ААН. Кіраўнік Арганізацыі Аб'яднаных Нацый "нагадаў, што гэты інцыдэнт здарыўся хутка пасля абстрэлу школы, у выніку якога загінулі некалькі мірных жыхароў".

У заяве, з якой ад імя Пан Гі Муна выступіў яго прэс-сакратар, гаворыцца, што "генеральны сакратар сур'ёзна занепакоены небяспечным усплёскам насілля ў апошнія дні". "Гэтыя нядаўнія трагічныя інцыдэнты толькі падкрэсліваюць, наколькі слабым з'яўляецца цяперашні рэжым спынення агню і як важна арганізаваць бяспеку на паўднёвым усходзе Украіны, з тым каб даць магчымасць гуманітарным супрацоўнікам выконваць сваю працу і дастаўляць неабходную дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу", — зазначаецца ў заяве.

2 кастрычніка пры абстрэле ў Данецку адзін са снарадаў трапіў у офіс Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа. Загінуў адміністратар офіса 38-гадовы грамадзянін Швейцарыі Ларан дзю Паск'ё. Свае службовыя абавязкі ва Украіне ён пачаў выконваць усяго паўтара месяца таму. У Міжнародным камітэце Чырвонага Крыжа працаваў больш як пяць гадоў, у тым ліку ў Пакістане, Емене, Гаіці, Егіпце і Папуа-Новай Гвінеі.

Кіраўнік ААН заявіў пра неабходнасць "тэрмінова падвоіць палітычныя і дыпламатычныя намаганні" для выканання рэжыму спынення агню. Генеральны сакратар упэўнены, што "вяртанне да поўнамаштабных баявых дзеянняў можа прывесці да катастрофы ва Украіне, у рэгіёне і за яго межамі".

1 кастрычніка Пан Гі Мун выказаў "крайнюю занепакоенасць" паведамленнямі аб аднаўленні насілля на ўсходзе Украіны. У той дзень у Данецку ў выніку абстрэлу маршрутнага таксі і школы загінулі дзевяць і былі параненыя прыкладна 30 чалавек. Сепаратысты і расійскія СМІ абвінавацілі ў абстрэлах украінскіх ваенных, украінскі бок заявіў аб чарговай правакацыі з боку баевікоў гэтак званай Данецкай народнай рэспублікі. "Абстрэл школы выклікае асаблівую занепакоенасць. Напады на школы непрымальныя ні пры якіх акалічнасцях", — сказаў генеральны сакратар ААН.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН