Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/10/05/by_media_mova_v/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2019 23:35
05.10.2014 16:19 Відэа, Грамадства

Наведвальнік курсаў "Мова нанова дзеткам" лічыць, што без роднай мовы беларускія дзеці — напалову сіроты

Першыя заняткі бясплатных моўных курсаў "Мова нанова дзеткам" для дашкольнікаў прайшлі 5 кастрычніка ў галерэі сучаснага мастацтва "Ў" у Мінску.

Ініцыятары праекта падзялілі ахвочых павучыцца на курсах на дзве групы: да пяці гадоў і ад пяці гадоў да пачатку школы. Заняткі для іх прайшлі адзін за адным. У першую групу прывялі сваіх дзяцей прыкладна дваццаць бацькоў, прыкладна гэтулькі ж — у другую.

Заняткі актыўна цягнуцца 30 хвілін, пасля чаго дзецям прапаноўваецца 15 хвілін паглядзець беларускамоўныя мультфільмы.

Ідэю зладзіць заняткі па беларускай мове для дзяцей прапанавалі дарослыя слухачы курсаў "Мова нанова". Выкладаць мову для маленькіх беларусаў ініцыятары курсаў запрасілі Алену Церашкову — літаратарку, якая выдала тры ўласныя кніжкі з дзіцячымі загадкамі, вершамі і казкамі па-беларуску, а таксама мае чатырох дзяцей.

Яна расказала БелаПАН, што ідэя дзіцячых курсаў належыць суарганізатару курсаў для дарослых Глебу Лабадзенку.

"Мы не падмяняем сабой курсы падрыхтоўкі да школы, мы стараемся пагрузіць дзяцей і іх бацькоў у атмасферу беларускасці. Таму мы настойваем, каб бацькі не толькі прыводзілі дзяцей, але і самі ўдзельнічалі, размаўлялі па-беларуску, і спадзяемся, што такім чынам будзе больш людзей, якія цікавяцца нашай краінай, яе гісторыяй і культурай", — адзначыла Церашкова.

Адзін з удзельнікаў заняткаў, які прывёў на курсы дзвюх сваіх унучак, сказаў: "У кожнага дзіцяці ў жыцці дзве святыні — родная мама і родная мова. Дзіця без роднай мовы — напалову сірата. У беларусаў так і атрымліваецца: мама ёсць, а мову адабралі самі бацькі. Беларускія дзеткі — паўсіроткі".

Другі бацька адзначыў, што хоча карыстацца беларускай мовай правільна, а не размаўляць на "трасянцы", таму прыйшоў з дзіцем на курсы.

Яшчэ адна мама прызналася, што хоча, каб яе дачка была не такая, як яна, каб ведала сваю родную мову і размаўляла на ёй.

Відэа Андрэя Корсака, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН