Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/10/06/eu_eu_731586_731596/
Дата раздрукоўкі: 03.08.2021 17:29
06.10.2014 16:48 Эканоміка, Беларусь — Eўрасаюз

СП "Юнісан" і канцэрн Peugeot-Citroen плануюць падпісаць кантракт аб стварэнні ў Беларусі зборачнай вытворчасці

Мінск, 6 кастрычніка. Намеснік прэм'ер-міністра Пётр Пракаповіч абмеркаваў інвестыцыйныя і гандлёвыя праекты супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Францыяй з прадстаўнікамі шэрагу міжнародных і французскіх фінансавых структур і кампаній. Перамовы адбыліся 6 кастрычніка пасля завяршэння сустрэчы беларускай дэлегацыі з прадстаўнікамі французскага бізнесу ў штаб-кватэры MEDEF — найбуйнейшай арганізацыі Францыі, якая аб'ядноўвае французскія прадпрыемствы.

Як паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Францыі, рабочы візіт беларускай дэлегацыі на чале з Пятром Пракаповічам у гэту краіну праходзіць 6—7 кастрычніка. У склад дэлегацыі ўваходзяць таксама беларускі пасол Павел Латушка, намеснік міністра прамысловасці Павел Уцюпін, прадстаўнікі апарату ўрада, кампаніі "Белэксімгарант" і дзелавых колаў Беларусі.

На сустрэчы ў MEDEF віцэ-прэм'ер правёў прэзентацыю магчымасцяў супрацоўніцтва з Беларуссю ў эканамічнай сферы. Ён прадставіў дэталёвую інфармацыю пра магчымасці развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін, рэалізацыі французскімі кампаніямі інвестыцыйных праектаў у Беларусі. Як паведамляецца, асаблівая ўвага была нададзена новым магчымасцям супрацоўніцтва з Беларуссю ў сувязі са стварэннем ЕАЭС. З французскага боку ў ліку іншых на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі кампаній Thales, Michelin, Peugeot-Cutroen, Vinci, Rothschild, Oberthur і дыпламаты.

Па выніках сустрэчы бакі дамовіліся, што ў 2015 годзе пад эгідай MEDEF International адбудзецца візіт дзелавых колаў Францыі ў Беларусь.

У рамках рабочага візіту беларускай дэлегацыі таксама запланаваны перамовы з міністрам па пытаннях знешняга гандлю Францыі Матыясам Феклам, правядзенне нарады з кіраўнікамі падраздзяленняў французскіх міністэрстваў, адказнымі за адносіны з Беларуссю.

Плануецца, што па выніках сустрэч будзе падпісаны кантракт паміж сумесным прадпрыемствам "Юнісан" і аўтамабільным канцэрнам Peugeot-Citroen — аб стварэнні ў Беларусі зборачнай вытворчасці. Чакаецца таксама, што паміж РУП "Белэксімгарант" і французскім агенцтвам па страхаванні экспартных крэдытаў Coface будзе падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні. Акрамя гэтага, плануецца, што будзе падпісана пагадненне аб будаўніцтве ў Беларусі гасцініц з групай кампаній Accor.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239