Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/10/10/by_media_kazn_press/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2021 06:00
10.10.2014 17:36 Відэа, Грамадства

Праваабаронцы заклікаюць беларускія ўлады змяніць працэдуру выканання смяротнага прыгавору

10 кастрычніка — Сусветны дзень супраць смяротнай кары. У офісе праваабарончага цэнтра "Вясна" ў Мінску адбылася выніковая прэс-канферэнцыя кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнай кары ў Беларусі".

Як заявіў намеснік кіраўніка "Вясны" Валянцін Стэфановіч, з пачатку 2014 года ў Беларусі было прыведзена ў выкананне два смяротныя прыгаворы і яшчэ двое асуджаных знаходзяцца ў камеры смяротнікаў.

"З 2010-га па гэты год нам вядома аб пакаранні смерцю дзевяці чалавек, — падкрэсліў ён. — Асаблівую трывогу выклікае тое, што ў пяці выпадках смяротная кара была прыменена нягледзячы на тое, што былі зарэгістраваны індывідуальныя звароты прыгавораных у Камітэце па правах чалавека ААН і ў дачыненні да гэтых зваротаў была распачата працэдура № 92 ААН. Гэта значыць, што беларускія ўлады былі інфармаваныя камітэтам аб атрыманні гэтых зваротаў і аб тым, што прыгаворы не могуць быць прыведзены ў выкананне да разгляду зваротаў".

Акрамя таго, адзначыў Стэфановіч, Вярхоўны суд у якасці апошняй судовай інстанцыі працягвае прыгаворваць да вышэйшай меры, прысуд набывае моц адразу пасля абвяшчэння і касацыйнаму абскарджанню не падлягае. "Што і адбылося ў справе Кавалёва і Канавалава, якія былі пакараныя на працягу двух месяцаў пасля вынясення прыгавору", — падкрэсліў праваабаронца.

"Мы заклікаем Беларусь да таго, каб яна змяніла працэдуру выканання смяротнага прыгавору, якая не раз прызнавалася Камітэтам па правах чалавека ААН як жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, — сказаў Стэфановіч. — Гэта і нявыдача цел пакараных сваякам, неўказанне месца пахавання, непаведамленне родным пра час і месца пакарання".

У рэкамендацыях, якія будуць прадстаўлены праваабаронцамі краінам, якія ўваходзяць у Камітэт па правах чалавека ААН, будзе просьба аб тым, каб Беларусі было рэкамендавана ратыфікаваць другі факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, адзначыў Стэфановіч. Такім чынам Беларусь узяла б на сябе абавязацельствы па ўвядзенні мараторыя на смяротную кару і змяніла заканадаўства.

"Не можа краіна быць членам Савета Еўропы без мараторыя на смяротную кару", — дадаў праваабаронца.
Відэа Андрэя Корсака, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239