Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/10/14/733329_733336/
Дата раздрукоўкі: 24.02.2020 20:20
14.10.2014 16:22 Грамадства

Міністэрства аховы здароўя: Верагоднасць пранікнення ліхаманкі Эбола ў Беларусь вельмі нізкая

Мінск, 14 кастрычніка. Верагоднасць пранікнення Эболы ў Беларусь існуе, але яна вельмі нізкая, заявіў сёння ў Мінску журналістам намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Ігар Гаеўскі.

Паводле яго слоў, у Міністэрства аховы здароўя перыядычна ідуць лісты ад грамадзян, якіх непакоіць, ці дастаткова сістэма аховы здароўя Беларусі гатовая да абароны насельніцтва ад распаўсюджвання вірусу Эбола ўнутры краіны.

"У сакавіку, калі з`явілася першая інфармацыя  аб гэтым захворванні, мы падрыхтавалі лісты ва ўсе зацікаўленыя інстанцыі і адправілі для таго, каб яны праяўлялі дадатковую насцярожанасць, — цытуе Гаеўскага дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Мы знаходзімся ў пастаяннай гатоўнасці і вучэбна-трэніровачнай фазе, сістэма гатовая да сустрэчы з гэтай праблемай, але расслабляцца мы не можам, мы не маем на гэта права, таму штодзённа тыя ці іншыя службы і ведамствы правяраюцца, мы арганізоўваем трэніроўкі ці вучэнні".

Ён паведаміў, што з мая па кастрычнік па падазрэнні на ліхаманку Эбола былі абследаваныя некалькі нігерыйскіх грамадзян, якія вучацца ў беларускіх ВНУ. "У нашым аэрапорце было выяўлена пяць такіх грамадзян, у Віцебску — адзін. Гэта былі студэнты з Нігерыі, якія прыбывалі да месца вучобы, — сказаў Гаеўскі. — У шасці з іх праз дыстанцыйную тэраметрыю было ўстаноўлена павышэнне тэмпературы, яны адразу былі ізаляваныя і шпіталізаваныя ў спецыялізаваную медыцынскую арганізацыю. Там яны назіраліся, у іх забіраўся матэрыял на абследаванне, праз 8—10 гадзін мы атрымлівалі вынік. Усе вынікі былі адмоўнымі".

Гаеўскі зазначыў, што верагоднасць пранікнення Эболы ў Беларусь існуе, таму што краіна знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і не ізаляваная. "У нас развіты розныя транспартныя зносіны з іншымі краінамі, мы не закрытае грамадства. Але верагоднасць пранікнення ліхаманкі Эбола ў Беларусь пры гэтым вельмі нізкая. У нас не такія цесныя кантакты з афрыканскімі краінамі, як у ЗША ці Расіі", — падкрэсліў ён.

Гаеўскі таксама дадаў: "Найбольшая верагоднасць — што студэнты з Нігерыі могуць прывезці гэта захворванне. Але ў Нігерыі зафіксавана невялікая колькасць захворванняў, і пакуль гэты працэс не распаўсюджваецца ў краіне. Тым не менш кожны чалавек, які прыязджае з гэтай краіны, з самымі малымі прыкметамі захворвання знаходзіцца пад назіраннем як мінімум 21 дзень".

Паводле замежных СМІ, двое хворых з падазрэннем на ліхаманку Эбола былі шпіталізаваныя ў Бельгіі і Польшчы. Абодва мужчыны нядаўна вярнуліся з-за мяжы, дзе кантактавалі з жыхарамі Заходняй Афрыкі.

Гемарагічная ліхаманка Эбола — смяротная хвароба, якая распаўсюджваецца праз прамы неабаронены кантакт з крывёй ці выдзяленнямі інфіцыраванага чалавека, у выніку кантактаў з прадметамі, якія былі забруджаны ад заражанага чалавека. Інкубацыйны перыяд складае ад двух да трох тыдняў.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН