Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/10/17/734120_734122/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 16:26
17.10.2014 11:44 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Баявыя дзеянні і гібель людзей на ўсходзе Украіны павінны быць спынены

Мінск, 17 кастрычніка. Баявыя дзеянні і гібель людзей на ўсходзе Украіны павінны быць спынены канчаткова і беспаваротна — такая пазіцыя Беларусі, заявіў Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для расійскіх рэгіянальных СМІ.
"Мы і так ужо ўскладнілі адносіны з Украінай да немагчымасці. Калі ўжо не проста эліты Украіны, а нават суперэліты, якія вельмі добра ставяцца да Расіі і да нас, залежныя ад Расіі і ад нас, кажуць, што мы сапсавалі адносіны з украінскім народам, дзяржавай назаўсёды", — адзначыў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, неабходна заняцца аднаўленнем ва Украіне гарадоў і вёсак. "Калі гэтага не зрабіць як мага хутчэй, наступствы будуць сапраўды катастрафічнымі", — упэўнены Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу на тое, што ўжо тысячы бежанцаў з Украіны прыехалі ў Расію і Беларусь, ратуючы ўласнае жыццё і жыццё сваіх дзяцей. "І мы не маем права адмахнуцца ад гэтых людзей. Мы павінны па-братэрску, па-суседску ім дапамагчы. Тым больш што гэта нашы людзі", — заявіў прэзідэнт.

Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі было прынята рашэнне па рэалізацыі дарожнай карты для сацыяльнай рэабілітацыі бежанцаў з суседняй краіны. І, наколькі яму вядома, "гэтыя бежанцы вельмі станоўча ўспрынялі нашы сустрэчныя дзеянні па іх падтрымцы".

Кіраўнік беларускай дзяржавы ўпэўнены, што канфлікт ва Украіне можа быць вырашаны толькі шляхам перамоў. "Пераможцаў у гэтай вайне не будзе, — заявіў Лукашэнка. — Менавіта таму, а не дзеля лаўраў нейкіх міратворцаў мы заўсёды і ўсюды заклікаем да дыялогу. І робім усё, што ў нашых сілах, каб садзейнічаць гэтаму складанаму перамоўнаму працэсу".

Як адзначыў Лукашэнка, "балюча глядзець на тое, што адбываецца сёння ва Украіне". "Відавочна, што ўбіць клін паміж нашымі краінамі (Украіна, Расія, Беларусь. — БелаПАН.) спрабуюць звонку. Каб пасяліць варожасць і нянавісць у сэрцах гістарычна блізкіх і родных па духу народаў", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым, падкрэсліў Лукашэнка, "і мы добрыя". "Мы для гэтага даем падставу, а часам, як ва Украіне, ствараем для гэтага глебу. Для гэтага націску звонку", — патлумачыў кіраўнік дзяржавы.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН