Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/10/17/734220_734248/
Дата раздрукоўкі: 19.11.2019 05:46
17.10.2014 18:16 Палітыка, Грамадства

Барозу: Парашэнка і Пуцін дамовіліся аб поўным выкананні Мінскага пратакола

Мінск, 17 кастрычніка. Прэзідэнты Украіны і Расіі Пётр Парашэнка і Уладзімір Пуцін дамовіліся аб выкананні Мінскага пратакола "для стварэння даверу паміж бакамі". Як перадае карэспандэнт украінскага агенцтва УНІАН, аб гэтым паведаміў журналістам кіраўнік Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу па выніках шматбаковай сустрэчы з удзелам лідараў ЕС і прэзідэнтаў Украіны і Расіі 17 кастрычніка ў Мілане.

Паводле слоў Барозу, ключавыя пункты дамоўленасцяў — верыфікацыя рэжыму спынення агню, правядзенне выбараў на Данбасе паводле ўкраінскага заканадаўства і кантроль за мяжой. "Гэта была добрая сустрэча. Ключ — гэта выкананне. Што было ўзгоднена, дык гэта неабходнасць выканаць Мінскі пратакол. Мінскае пагадненне жыццёва важнае, каб стварыць давер паміж бакамі", — заявіў ён.

Барозу адзначыў тры важныя пункты, якія павінны быць выкананыя. "Першае — гэта верыфікацыя рэжыму спынення агню. Другое — неабходнасць правядзення выбараў у той частцы Украіны ў адпаведнасці з украінскім заканадаўствам. І трэцяе — гэта кантроль і нагляд за мяжой", — сказаў ён і дадаў, што "адбудуцца і іншыя сустрэчы па пытанні імплементацыі дасягнутых дамоўленасцяў".

Пратакол па выніках перамоў кантактнай групы па Украіне быў падпісаны ў Мінску 5 верасня. Праз два тыдні бакі ўхвалілі мемарандум да яго. Ключавыя пункты: спыненне агню, стварэнне буфернай зоны, вывад незаконных узброеных фарміраванняў, маніторынг украінска-расійскай мяжы з боку АБСЕ.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН