Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/10/18/734373_734374/
Дата раздрукоўкі: 19.11.2019 06:23
18.10.2014 12:15 Палітыка

Пуцін: Мінскія дамоўленасці не поўнасцю выконваюцца як адным, так і другім бокам

Мінск, 18 кастрычніка. "Арыенцірам пры ўрэгуляванні на Украіне, ва Украіне, як цяпер модна казаць, павінны быць, вядома, мінскія дамоўленасці", — заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 17 кастрычніка па выніках візіту ў Мілане, дзе па-за рамкамі саміту "Азія—Еўропа" сустрэўся з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам і еўрапейскімі пасрэднікамі — канцлерам Германіі Ангелай Меркель і прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам.

"Хачу адзначыць, што гэтыя дамоўленасці, на жаль, не поўнасцю выконваюцца як адным, так і другім бокам, — прыводзіць словы Пуціна прэс-служба Крамля. — Гэта значыць ні прадстаўнікамі апалчэння Наварасіі, ні прадстаўнікамі Украіны ў поўнай меры пакуль гэтыя мінскія дамоўленасці не выконваюцца па шэрагу прычын. Гэта і аб'ектыўныя, і суб'ектыўныя прычыны. Але зыходжу з таго, што ўсе бакі будуць імкнуцца да таго, каб гэтыя дамоўленасці былі поўнасцю выкананыя".

"Лінія размежавання (паміж украінскімі войскамі і сепаратыстамі на Данбасе. — БелаПАН.) павінна быць даведзена да канца, павінна быць выканана. І гэта менавіта тое, што дасць магчымасць канчаткова спыніць абстрэлы і гібель мірных, ні ў чым не вінаватых людзей. І гэта трэба зрабіць як мага хутчэй… Дамовіліся аб тым, што будзем выкарыстоўваць беспілотныя лятальныя апараты, сучасную тэхніку, якая дазваляе вызначыць месцы нанясення ўдараў, калі такое адбываецца", — сказаў Пуцін.

Ён таксама падкрэсліў, што Расія не з'яўляецца ўдзельнікам перамоў. "Мы можам толькі дапамагчы канфліктуючым бакам вырашаць праблемы, якія з'явіліся за папярэдні час", — заявіў расійскі кіраўнік.

Раней кіраўнік Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу паведаміў, што Парашэнка і Пуцін дамовіліся аб выкананні мінскага пратакола "для стварэння даверу паміж бакамі". Паводле слоў еўрачыноўніка, ключавыя пункты дамоўленасцяў — верыфікацыя рэжыму спынення агню, правядзенне выбараў на Данбасе паводле ўкраінскага заканадаўства і кантроль за мяжой. "Гэта была добрая сустрэча. Ключ — гэта выкананне. Што было ўзгоднена, дык гэта неабходнасць выканаць мінскі пратакол. Мінскае пагадненне жыццёва важнае, каб стварыць давер паміж бакамі", — заявіў ён.

17 кастрычніка ў Мінску на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных СМІ Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Давайце будзем адкрытыя, дні ДНР і ЛНР былі б ужо даўно злічаныя без Расіі".

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН