Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/10/19/734479_734480/
Дата раздрукоўкі: 19.11.2019 06:25
19.10.2014 16:51 Палітыка, Грамадства

Данецкая народная рэспубліка не мае намеру ствараць агульную палітычную прастору з Украінай

Мінск, 18 кастрычніка. Самаабвешчаная Данецкая народная рэспубліка не мае намеру ствараць агульную палітычную прастору з Украінай, заявіў журналістам віцэ-прэм`ер ДНР Андрэй Пургін, каментуючы ўваходжанне ў сілу ўкраінскага закона аб асаблівым статусе шэрагу раёнаў Данбаса. Аб гэтым паведамляе РІА Новости.

"Паводле апошніх падлікаў, за час канфлікту загінулі 4 тысячы жыхароў Данбаса. Пасля гэтага ні аб якім палітычным альянсе, аб адзінай дзяржаве з Кіевам размова ісці не можа… Можна абмяркоўваць пытанні эканомікі, культуры. Можна абмяркоўваць падрыхтоўку да зімы — у сябе мы ўжо запусцілі ацяпленне, Украіна, дарэчы, яшчэ не запусціла. Многія пытанні можна абмяркоўваць, але агульнай палітычнай прасторы больш не будзе", — лічыць Пургін.

Дзейнае на Данбасе перамір`е, паводле яго слоў, важнае не як першы крок да "вяртання" Данбаса пад украінскую юрысдыкцыю, а выключна як перадышка для падрыхтоўкі да зімы і аднаўлення жылля.

Пургін таксама заявіў, што ДНР не мае намеру праводзіць на сваёй тэрыторыі ні выбары ва ўкраінскі парламент 26 кастрычніка, ні мясцовыя выбары 7 снежня, прадугледжаныя законам аб асаблівым статусе.

"Свае выбары (кіраўніка і дэпутатаў ДНР) мы праводзім 2 лістапада. А наш удзел у выбарах у Вярхоўную раду я з цяжкасцю ўяўляю: нават калі мы выберам сваіх прадстаўнікоў, не факт, што яны застануцца жывыя ў Кіеве. Дастаткова паглядзець, што там робяць з апазіцыйнымі палітыкамі", — паведаміў Пургін.

РІА Новости нагадвае, што кіеўскія ўлады і ўсходнеўкраінскія апалчэнцы 5 верасня дамовіліся ў Мінску аб перамір`і, абмене палоннымі і дасягнулі шэрагу палітычных дамоўленасцей, у прыватнасці абавязацельства Украіны амніставаць апалчэнцаў і прыняць закон аб асаблівым статусе шэрагу раёнаў Данбаса.

Украінскі парламент 16 верасня прыняў закон аб амністыі і закон аб асаблівых паўнамоцтвах мясцовых уладаў у шэрагу раёнаў Данбаса, пералік якіх вызначаць украінскія спецслужбы. Закон аб асаблівым статусе прадугледжвае, што мясцовыя ўлады змогуць заключаць з цэнтральнымі дзяржорганамі пагадненні аб эканамічным, сацыяльным і культурным развіцці, кіраўнікоў пракуратуры і судоў плануецца прызначаць з улікам меркавання мясцовых уладаў, ствараецца добраахвотная народная міліцыя, гарантуецца свабода выкарыстання любой мовы і заахвочваецца трансгранічнае супрацоўніцтва з Расіяй.

Акрамя таго, тут будзе ўведзены асаблівы эканамічны рэжым, накіраваны на аднаўленне прамысловасці, інфраструктуры і жылля, прыцягненне інвестыцый і стварэнне новых працоўных месцаў. Кабміну прадпісана прыняць мэтавую дзяржпраграму для развіцця раёнаў з асаблівым статусам, бюджэтныя расходы на іх падтрымку нельга будзе зніжаць нават у выпадку секвестру.

Плануецца правесці ў рэгіёне 7 снежня пазачарговыя выбары дэпутатаў і кіраўнікоў муніцыпалітэтаў, паўнамоцтвы якіх нельга будзе спыняць датэрмінова. Акрамя таго, аб`яўляецца амністыя ўдзельнікам "падзей на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей". Закон будзе дзейнічаць тры гады, але саветнік прэзідэнта Украіны Ігар Грыніў заявіў, што ён можа быць адменены і праз паўгода, "калі будзе наведзены парадак".

Аднак ужо 22 верасня ўкраінскія дэпутаты, якія прадстаўляюць партыі "Бацькіўшчына" і "Грамадзянская пазіцыя", унеслі ў Вярхоўную раду прапановы аб адмене законаў аб амністыі і аб асаблівых паўнамоцтвах мясцовых уладаў у шэрагу раёнаў Данбаса. А 25 верасня стала вядома, што спікер Вярхоўнай рады Украіны Аляксандр Турчынаў даручыў рэгламентнаму камітэту парламента праверыць працэдуру прыняцця законаў аб асаблівым статусе асобных рэгіёнаў Данбаса і аб амністыі, толькі пасля гэтага гэтыя законы будуць накіраваны на подпіс у адміністрацыю прэзідэнта.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН