У Мінску 29 кастрычніка пройдзе чарговае пасяджэнне сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі
Мінск, 27 кастрычніка. 29 кастрычніка для ўдзелу ў чарговым пасяджэнні сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі ў Беларусь з рабочым візітам прыбудзе міністр абароны РФ генерал арміі Сяргей Шайгу.
Як паведамляе прэс-служба Мінабароны Беларусі, кіраўнікі ваенных ведамстваў дзвюх краін возьмуць удзел у пасяджэнні сумеснай калегіі міністэрстваў абароны, падчас якога будуць разгледжаныя пытанні арганізацыі ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы. У прыватнасці, на парадку дня будуць пытанні нясення баявога дзяжурства па проціпаветранай абароне і сумеснай ахове знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы, стварэння Адзінай рэгіянальнай сістэмы проціпаветранай абароны Беларусі і Расіі, правядзення мерапрыемстваў сумеснай баявой падрыхтоўкі ў 2015 годзе, узаемадзеяння ў сферы радыёэлектроннай барацьбы, а таксама падрыхтоўкі да святкавання 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
У фармаце "адзін на адзін" з расійскім калегам сустрэнецца міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Юрый Жадобін.
Праграмай мерапрыемства таксама прадугледжаная сустрэча начальнікаў Генеральных штабоў узброеных сіл дзвюх дзяржаў — генерал-маёра Алега Белаконева і генерала арміі Валерыя Герасімава.