Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/10/28/eu_eu_736493_736494/
Дата раздрукоўкі: 15.11.2019 00:58
28.10.2014 14:33 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Прадстаўнікі апазіцыі сустрэліся з пасламі краін ЕС

Мінск, 28 кастрычніка. Сустрэча прайшла сёння ў Мінску. У ёй узялі ўдзел 16 еўрапейскіх дыпламатаў і пяць апазіцыйных беларускіх палітыкаў.

З беларускага боку на сустрэчы прысутнічалі лідары кампаніі "Гавары праўду" Уладзімір Някляеў, руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, Аб`яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька, Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец.

Як паведаміў БелаПАН Лябедзька, сустрэчы ў падобным фармаце не праводзіліся з 2010 года. "Напэўна, гэта звязана з тым, што Лукашэнка спрабуе ўплываць на кадравую палітыку ЕС. Чатыры гады таму быў вельмі моцны падбор дыпламатаў, якія з`яўляліся не прадстаўніцтвамі нейкіх партоў ці эканамічных колаў, а дыпламатамі ў поўным сэнсе гэтага слова. Цяпер гэтага, на мой суб`ектыўны погляд, няма", — сказаў палітык.

Паводле слоў Лябедзькі, падчас сённяшняй сустрэчы замежныя дыпламаты былі гатовыя актыўна абмяркоўваць эканамічныя і гандлёвыя, але не палітычныя пытанні. Пры гэтым ён адзначыў, што прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі прадэманстравалі "досыць кансалідаваную пазіцыю". "Гэта важна не толькі для апазіцыі, але і для Беларусі ў цэлым. Для нашай краіны цяпер самае важнае — не выпасці з міжнароднага парадку дня. Над гэтым трэба сур`ёзна думаць і аб`ядноўваць намаганні", — падкрэсліў палітык.

На сустрэчы, паведаміў ён, абмяркоўвалася "ўзмацненне градусу страху ў краіне праз пераслед уладамі палітычных і грамадскіх актывістаў". "Таксама давалася ацэнка агульнай сітуацыі, перспектыў яе развіцця, узаемаадносін Еўрасаюза з Беларуссю", — расказаў Лябедзька.

"Наша агульнае пасланне заключалася ў тым, што вырашаць сітуацыю ў Беларусі трэба праз сумленныя і свабодныя выбары, праз выкананне Беларуссю абавязацельстваў, узятых у межах АБСЕ. Калі выбары будуць сумленныя і свабодныя, мы гатовы прызнаць іх вынікі, якія б яны ні былі. Трэба ствараць шырокую кааліцыю, уздзейнічаць усімі магчымымі метадамі на беларускія ўлады", — заявіў палітык.

Акрамя таго, дадаў ён, на сустрэчы абмяркоўвалася пытанне дыялогу ЕС з уладамі. "Тут дэмакратычныя сілы па-рознаму ацэньваюць, які ён павінен быць, наколькі з Лукашэнкам можна вырашаць пытанні. Але прагучала і меркаванне, што нельга дапускаць ранейшых памылак, калі ЕС, міжнародныя фінансавыя інстытуты фінансавалі кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнку. Гэта не прыводзіць да перамен, а, наадварот, кансервуе сітуацыю", — адзначыў Лябедзька.

Лідар АГП выказаў меркаванне, што "набліжэнне прэзідэнцкай кампаніі будзе павышаць цікавасць дыпламатаў да такога кшталту сустрэч".

Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН