Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/10/31/737355_737356/
Дата раздрукоўкі: 01.04.2020 07:53
31.10.2014 15:56 Эканоміка, Фінансы

Нацбанк адмяніў сваю пастанову па тарыфах на эквайрынг і інкасацыю

Мінск, 31 кастрычніка. Нацыянальны банк Беларусі пастановай праўлення № 672 ад 30 кастрычніка адмяніў сваю ж пастанову № 599 ад 29 верасня "Аб аплаце за ажыццяўленне асобных банкаўскіх аперацый".

Гэта рашэнне набывае моц з часу яго прыняцця, паведамілі БелаПАН у Нацбанку.

Пастанова № 599 ад 29 верасня прадугледжвала "ўстанаўленне банкамі платы за эквайрынг на ўзроўні, ніжэйшым у параўнанні з тарыфамі за інкасацыю наяўных грошай" і прынята было "ў мэтах стымулявання прадпрыемстваў гандлю і сэрвісу да пашырэння выкарыстання безнаяўных разлікаў".

Эквайрынг — гэта паслуга банка, якая дазваляе арганізацыям гандлю і сэрвісу прымаць да аплаты банкаўскія плацежныя карткі.

Нацбанк сваёй пастановай № 599 рэкамендаваў банкам шматкроць павялічыць некаторыя тарыфы на разлікова-касавае абслугоўванне і пры гэтым крыху знізіць тарыфы за паслугі эквайрынгу для прадпрыемстваў, якія працуюць у сферы спажывецкага рынку.

Як паведамляў БелаПАН, Беларускі саюз прадпрымальнікаў і Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва накіравалі ліст віцэ-прэм'еру Пятру Пракаповічу з-за нязгоды з пастановай Нацыянальнага банка.

Паводле меркавання бізнес-асацыяцый, рэалізацыя рэкамендацый Нацбанка можа паставіць у цяжкае становішча прадпрыемствы рознічнага гандлю і грамадскага харчавання.

"Матываванне пастановы неабходнасцю скарачэння аб'ёмаў ценявой эканомікі не вытрымлівае ніякай крытыкі, бо відавочна, што ў выпадку зніжэння рэнтабельнасці дзейнасці ніжэй за вызначаныя парогавыя значэнні суб'екты гаспадарання вымушаныя будуць прыняць рашэнне закрыцца ці працаваць, магчыма, часткова, у ценявым абароце да лепшых часоў", — гаворыцца ў лісце прадстаўнікоў бізнес-саюзаў.

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова 29 кастрычніка падчас анлайн-канферэнцыі заявіла, што тарыфы на інкасацыю і эквайрынг у Беларусі будуць перагледжаны да канца кастрычніка.

"Занадта высокія тарыфы, іх трэба зніжаць — і па наяўных, і па эквайрынгу. Чакаем, калі банкі дадуць нам свае разлікі, калькуляцыю, пасля чаго мы памяняем сваё рашэнне", — сказаў кіраўнік Нацбанка.

30 кастрычніка Нацбанк адмяніў сваю пастанову.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН