Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/11/03/737750_737751/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:17
03.11.2014 10:10 Палітыка

Парашэнка: "Выбары" ў акупаваных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей груба парушаюць мінскія дамоўленасці

Мінск, 3 лістапада. Так званыя "выбары" ў акупаваных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей не маюць нічога агульнага з волевыяўленнем людзей і груба парушаюць мінскія дамоўленасці, заявіў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка.
"Фарс пад дуламі танкаў і аўтаматаў, які сёння наладзілі дзве тэрарыстычныя арганізацыі на частцы Данбаса — гэта жудасная падзея, якая не мае нічога агульнага з рэальным волевыяўленнем", — заявіў 2 лістапада ўкраінскі кіраўнік, словы якога прыводзіць прэс-служба прэзідэнта.

"Ужо цяпер вядучыя краіны і міжнародныя арганізацыі асудзілі гэтыя так званыя выбары, — сказаў Парашэнка. — Разлічваю на тое, што псеўдавыбары не прызнае і Расія, таму што яны з'яўляюцца грубым парушэннем мінскага пратакола ад 5 верасня, пад якім стаіць подпіс і прадстаўніка РФ".

Паводле слоў прэзідэнта, усе выбары на ўкраінскай тэрыторыі, дзе галасуюць украінскія грамадзяне, павінны праходзіць выключна па ўкраінскіх законах.

Мінскі пратакол прадугледжвае правядзенне ў асобных раёнах Данбаса датэрміновых мясцовых выбараў выключна на аснове законаў Украіны, таму грубае парушэнне міжнародных дамоўленасцей ставіць пад пагрозу мірны працэс; Украіна адэкватна адрэагуе на гэты выклік, падкрэсліў Парашэнка.

Адначасова ён падзякаваў жыхарам Данбаса, якія 2 лістапада выйшлі на вуліцы прыфрантавога Марыупаля і іншых гарадоў, падтрымліваючы адзінства Украіны.

Кіеў планаваў правесці мясцовыя выбары на Данбасе 7 снежня ў адпаведнасці з законам аб асаблівым парадку самакіравання ў шэрагу раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей, распрацаваным і прынятым парламентам краіны ў мэтах развіцця мінскага пратакола. Аднак сепаратысты правялі выбары ("парламентаў" і "кіраўнікоў") больш чым на месяц раней. На іх "перамаглі" 38-гадовы Аляксандр Захарчанка ("Данецкая народная рэспубліка") і 50-гадовы Ігар Плотніцкі ("Луганская народная рэспубліка"). Абодва ўдзельнічалі ў мінскіх перамовах шматбаковай кантактнай групы па Украіне.

ЗША і ЕС асудзілі "выбары" 2 лістапада. У сваю чаргу Расія "паважае волевыяўленне жыхароў паўднёвага ўсходу Украіны". 29 кастрычніка МЗС РФ выступіла з заявай, у якой сцвярджаала, што "ў адпаведнасці з мінскімі дамоўленасцямі, дасягнутымі ў верасні г.г. паміж прадстаўнікамі прэзідэнта Украіны і апалчэнцаў паўднёвага ўсходу пры ўдзеле прадстаўнікоў Расіі і АБСЕ, правядзенне згаданых выбараў узгоднена ў перыяд з 19 кастрычніка па 3 лістапада г.г. Спасылкі на тое, што падпісаны 16 кастрычніка П.А.Парашэнкам закон аб асаблівым парадку самакіравання на названых тэрыторыях устанавіў у якасці даты выбараў 7 снежня, супярэчаць мінскім дамоўленасцям. Дата 7 снежня была ўключана ў закон адвольна, у аднабаковым парадку, без абмеркавання з апалчэнцамі".
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН