Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/11/04/738011_738012/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:42
04.11.2014 10:23 Палітыка

Парашэнка хоча адмяніць закон аб асаблівым парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей

Мінск, 4 лістапада. Пётр Парашэнка хоча адмяніць прыняты ў мэтах развіцця мінскіх дамоўленасцей закон аб асаблівым парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей, якія дэ-факта знаходзяцца пад кантролем сепаратыстаў. Аб гэтым прэзідэнт Украіны заявіў у звароце да народа 3 лістапада, на наступны дзень пасля правядзення "выбараў" у данецкай і луганскай "народных рэспубліках".

"Гэты фарс пад дуламі танкаў і аўтаматаў нічога агульнага не мае з волевыяўленнем і выбарамі, па азначэнні, называцца не можа, — сказаў Парашэнка. — Бандыты, тэрарысты і інтэрвенты могуць сябе каранаваць як дэпутаты, прэм'еры, міністры. І як каралі або імператары. Але, што б яны ні павесілі сабе на галовы, яны так і застануцца акупантамі, зладзеямі, баевікамі. Украіна ніколі не прызнае так званыя "выбары" 2 лістапада. Мы не можам паважаць выбар, якога не было і няма, ні фактычна, ні юрыдычна".

"Псеўдавыбары з'яўляюцца грубым парушэннем мінскага пратакола ад 5 верасня, — падкрэсліў Парашэнка. — Мінскі пратакол прадугледжвае правядзенне ў асобных раёнах Данбаса датэрміновых мясцовых выбараў выключна і толькі на аснове законаў Украіны. Мы гэтую магчымасць ім давалі. Выбарчы фарс 2 лістапада ставіць пад велізарную пагрозу зрыву ўвесь мірны працэс, старту якога мы дабіліся цаной каласальных звышнамаганняў. Ён істотна пагаршае сітуацыю на Данбасе. Адказнасць за гэта цалкам і поўнасцю кладзецца на выканаўцаў, арганізатараў і заказчыкаў псеўдавыбараў".

Украінскі кіраўнік падкрэсліў, што Кіеў няўхільна прытрымліваецца духу і літары мінскага пратакола. "На фоне грубага яго парушэння іншымі бакамі мы павінны ўнесці карэктывы ў свой план дзеянняў. Новую сітуацыю сёння я ўжо абмеркаваў з міністрам абароны. Заўтра правяду пасяджэнне Савета нацыянальнай бяспекі і абароны, дзе ўсебакова прааналізуем абстаноўку, унясем неабходныя змяненні ў сцэнарыі нашых дзеянняў зыходзячы як з аптымістычных, так і песімістычных прагнозаў", — паведаміў прэзідэнт.

Адно з пытанняў, якое плануецца вынесці на разгляд СНБА, — адмена закона аб асаблівасцях мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей. "У свой час гэты закон выканаў надзвычай важную ролю ў прыпыненні знешняй інтэрвенцыі, мабілізацыі падтрымкі светам мінскіх мірных дамоўленасцей, пацвярджэнні шчырасці намераў Украіны па дээскалацыі сітуацыі на Данбасе. Мы прадэманстравалі жыхарам Данецкай і Луганскай абласцей і знешняму свету шчырае імкненне Кіева да палітычнага ўрэгулявання. Такую магчымасць баевікі адхілілі. Правядзенне псеўдавыбараў тарпедавала закон і рэзка абвастрыла сітуацыю на Данбасе. Тыя шырокія паўнамоцтвы, якія прадугледжваў закон, мы гатовы прадастаўляць толькі легітымна абраным органам мясцовага самакіравання, а не бандытам, якія самі сябе вянчаюць на царства", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым, падкрэсліў ён, дэцэнтралізацыя застаецца ў арсенале ўкраінскіх уладаў як ключавы элемент палітычнага ўрэгулявання на Данбасе. "Мы гатовы будзем прыняць новы закон — пры вяртанні ўсіх бакоў да выканання мірнага пратакола. Пры ўмове спынення агню, стварэння буфернай зоны, устанаўлення кантролю за мяжой. І зразумелых крокаў, якія б азначалі задні ход баевікоў у пытанні аб так званых выбарах 2 лістапада", — патлумачыў Парашэнка.

Новы закон, сказаў ён, будзе прадугледжваць дакладныя межы раёнаў з асаблівым парадкам мясцовага самакіравання ў строгай адпаведнасці з мінскімі дамоўленасцямі. "І бюджэтную дэцэнтралізацыю, якая здымае балючае пытанне, хто каго корміць. Яна дазволіць гэтым раёнам самім на аснове ўласных рэсурсаў адказваць за сваё фінансаванне. Кожнаму — па працы", — падкрэсліў прэзідэнт.

Ён адзначыў, што Міжнародны валютны фонд, які будзе напаўняцца ў тым ліку і пры ўдзеле замежных партнёраў, у поўнай меры забяспечыць аднаўленне інфраструктуры Данбаса "пры ўмове аднаўлення там украінскай улады, міру, спакою і бяспекі". "З часам прапаную парламенту прыняць закон аб стварэнні там свабоднай эканамічнай зоны са спецыяльным рэжымам гандлёвых адносінаў з Еўрасаюзам і Расіяй", — паведаміў украінскі кіраўнік.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН