Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/11/09/738997_738998/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:10
09.11.2014 13:22 Палітыка

Кіраўнік АБСЕ выказаў "глыбокую занепакоенасць" аднаўленнем насілля на ўсходзе Украіны і заклікаў да выканання мінскіх дамоўленасцяў

Мінск, 9 лістапада. Выконваць мінскія дамоўленасці заклікаў канфліктуючыя на ўсходзе Украіны бакі дзейны старшыня АБСЕ, міністр замежных спраў Швейцарыі Дзідзье Буркхальтэр.

У сувязі з апошнімі паведамленнямі маніторынгавай місіі арганізацыі аб абстрэлах і іх ахвярах у Данецку, а таксама з'яўленні канвояў з цяжкім узбраеннем і танкамі на тэрыторыі, што кантралюецца незаконнымі ўзброенымі групамі", Буркхальтэр выказаў глыбокую занепакоенасць аднаўленнем насілля ва ўсходніх раёнах Украіны і "дзеянняў, што вядуць да большай няпэўнасці замест далейшай стабілізацыі сітуацыі", паведаміла 8 лістапада прэс-служба АБСЕ.

Кіраўнік арганізацыі заклікаў усе бакі "дзейнічаць адказна" і зрабіць усё, што залежыць ад іх, для большай устойлівасці рэжыму спынення агню. Апрача таго, Буркхальтэр звярнуўся да ўдзельнікаў канфлікту забяспечыць бесперашкодны маніторынг сітуацыі, у тым ліку з дапамогай беспілотных лятальных апаратаў, у адпаведнасці з мандатам місіі АБСЕ, зацверджаным яе членамі і мінскімі дамоўленасцямі.

Як ужо паведамлялася, 5 лістапада ў выніку трапляння снарадаў на школьную пляцоўку ў пасёлку Паўночны Куйбышаўскага раёна Данецка загінулі двое дзяцей. Кіеў і сепаратысты абвінавацілі адзін аднаго ў правакацыі.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН