Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/11/09/739012_739013/
Дата раздрукоўкі: 19.06.2019 12:08
09.11.2014 14:43 Грамадства

Юрась Беленькі: Толькі беларуская мова можа паставіць заслон расійскай агрэсіі

фото: euroradio.fm
Мінск, 9 лістапада. Выступаючы 9 лістапада на мітынгу каля Лошыцкага яра ў Мінску, намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Юрась Беленькі заклікаў грамадзян Беларусі карыстацца беларускай мовай.
"Сёння мы знаходзімся ў стане акупацыйнай вайны з Расіяй. Толькі наша беларуская мова можа паставіць заслон гэтай агрэсіі", — мяркуе палітык. "Размаўляючы па-руску, ты пасіўна знішчаеш беларусаў", — дадаў Беленькі, падкрэсліўшы пры гэтым, што беларусы "выжывуць, нягледзячы ні на што".

Беленькі заявіў, што цяперашнія ўлады Беларусі хаваюць у Лошыцкім яры "нешта важнае і ганебнае для сябе". "Рэжым не хоча раскрываць праўды пра бальшавіцкія рэпрэсіі. На гэтым месцы ў свабоднай незалежнай Беларусі з'явіцца мемарыял, справядлівасць будзе адноўлена. На магілах не павінны знаходзіцца пясок і аўтамабілі (зараз за дваццаць метраў ад памятнага знака ў гонар бязвінна забітых ахвяраў сталінскіх рэпрэсій знаходзяцца аўтастаянкі, вядуцца будаўніча-рамонтныя работы. — БелаПАН.)", — сказаў палітык.

Мітынг працягваўся каля паўгадзіны. На ім выступілі прадстаўнікі КХП — БНФ.

Нагадаем, акцыя прымеркаваная да дня памяці продкаў "Дзяды", традыцыйна арганізаваная Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй — БНФ. Шэсце ад Палаца культуры "Лошыцкі" да Лошыцкага яра і мітынг каля памятнага знака былі дазволены гарадскімі ўладамі. У акцыі ўзялі ўдзел каля пяцідзесяці чалавек.

Людзі ў цывільным назіралі за шэсцем і мітынгам, вялі відэаздымку, але ў тое, што адбывалася, не ўмешваліся. Інфармацыі аб затрыманнях няма.

Паводле звестак гісторыкаў, у 1930-х гадах у Лошыцкім яры знаходзілася гэтак званая "Белая дача" — месца размяшчэння спецкаманды НКУС, куды дастаўлялі арыштаваных ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Тут жа іх расстрэльвалі.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН