Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/11/13/739986_739987/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 22:04
13.11.2014 10:22 Палітыка

Генеральны сакратар ААН заклікаў вырашаць усе пытанні ва Украіне "выключна ў адпаведнасці з духам і літарай мінскага пратакола і мемарандума"

Мінск, 13 лістапада. Вырашаць усе пытанні ва Украіне "выключна ў адпаведнасці з духам і літарай мінскага пратакола і мемарандума" заклікаў генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун.

"Сітуацыя ва Украіне з'яўляецца прычынай пастаяннай трывогі міжнароднай супольнасці. Як генеральны сакратар ААН я зноў заклікаю бакі аднавіць намаганні па вырашэнні неўрэгуляваных пытанняў шляхам дыялогу і не звяртацца да ваенных дзеянняў ці насілля", — заявіў 12 лістапада ў М'янме Пан Гі Мун, словы якога прыводзіць Цэнтр навін ААН.

Ён выказаў упэўненасць, што такая магчымасць існуе. "Бакі дасягнулі такой дамоўленасці. Ёю павінны кіравацца пры вырашэнні ўсіх астатніх пытанняў", — сказаў Пан Гі Мун.

Сітуацыя ва Украіне была абмеркаваная ў сераду на пасяджэнні Савета бяспекі ААН, якое было скліканае па просьбе прадстаўніка Кіева ў гэтым органе "ў сувязі з пагрозай тэрытарыяльнай цэласнасці краіны".

Нягледзячы на паспяховыя парламенцкія выбары і вераснёвыя дамоўленасці аб спыненні агню, над Украінай навісла небяспека аднаўлення поўнамаштабных баявых дзеянняў, заявіў памочнік генеральнага сакратара ААН па палітычных пытаннях Енс Андэрс Тойберг-Франзен. Ён звярнуў увагу на паведамленні АБСЕ аб прыбыцці ў раёны, якія ўтрымоўваюцца сепаратыстамі, аўтакалон з цяжкім узбраеннем, танкамі і войскамі. Прадстаўнік ААН назваў у якасці фактару, які перашкаджае руху да міру, немагчымасць забяспечыць кантроль расійска-ўкраінскай мяжы.

"Ва ўмовах, калі выкананне мінскіх дамоўленасцяў знаходзіцца пад пагрозай і няма выразнасці адносна таго, як доўга пры цяперашняй сітуацыі будзе працягвацца выкананне спынення агню, узнікае глыбокая занепакоенасць магчымым вяртаннем да поўнамаштабных баявых дзеянняў", — папярэдзіў Тойберг-Франзен.

Паводле яго слоў, адзінай альтэрнатывай з'яўляецца спыненне ваенных дзеянняў і даванне магчымасці ўкраінцам вярнуцца да жыцця ў стабільнай і бяспечнай краіне, у суверэннай і тэрытарыяльна цэласнай Украіне. "Шлях да такога вырашэння магчымы пры ўмове прыхільнасці ўсіх зацікаўленых бакоў мінскім дамоўленасцям і сумеснай гатоўнасці да іх поўнага і неадкладнага ажыццяўлення", — сказаў памочнік генеральнага сакратара ААН па палітычных пытаннях.

Ён заявіў, што ААН гатова аказаць падтрымку гэтаму працэсу, і паведаміў, што пасля фарміравання новага ўрада ва Украіну адразу ж адправіцца намеснік генеральнага сакратара ААН па палітычных пытаннях Джэфры Фелтман.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН