Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/11/18/741063_741064/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:10
18.11.2014 10:59 Палітыка, Грамадства

Макей: Мінскія дамоўленасці не выконваюцца

Мінск, 18 лістапада. Ва Украіне "логіка вайны дамінуе над логікай міру, а мінскія дамоўленасці не выконваюцца", заявіў сёння ў Мінску міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на прэс-канферэнцыі пасля сумеснага пасяджэння калегій МЗС Беларусі і Расіі.

Ён заўважыў, што бакі канфлікту не заўсёды хочуць дамаўляцца і нават размаўляць адзін з адным. "Але калі гінуць людзі, трэба садзіцца разам за стол і дамаўляцца", — падкрэсліў Макей. Беларусь, дадаў міністр, выступае за найхутчэйшае спыненне ўзброенага супрацьстаяння ва Украіне, каб "не было нагнятання, каб бакі селі за стол перамоў".

У сваю чаргу міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў зазначыў: заявы, якія робяць кіеўскія ўлады, прадстаўнікі паўднёвага ўсходу Украіны, ЗША і Еўрасаюза, сведчаць пра тое, што мінскі працэс падтрымліваецца ўсімі. "Літаральна сёння гэта яшчэ раз пацвердзілі прадстаўнікі паўднёвага ўсходу. Спадзяемся, што і Кіеў зойме такую ж пазіцыю", — сказаў Лаўроў.

Пры гэтым, паводле яго слоў, "шмат супярэчлівага адбываецца ў Кіеве". У якасці прыкладу Лаўроў прывёў нядаўні ўказ прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі адносна Данбаса, які, паводле яго ацэнкі, "скіраваны на сацыяльна-эканамічнае задушэнне рэгіёну". Расійскі міністр таксама зазначыў, што выклікае пытанні і правядзенне канстытуцыйных рэформ ва Украіне.

На думку Лаўрова, ва Украіне не ствараюцца ўмовы для ўдзелу ў абмеркаванні гэтых рэформ усімі рэгіёнамі краіны, што не садзейнічае аднаўленню даверу і правядзенню агульнанацыянальнага дыялогу ў краіне. "Хацелася б, каб Кіеў успомніў пра свае абяцанні правядзення агульнанацыянальнага дыялогу", — сказаў кіраўнік МЗС РФ.

Лаўроў дадаў: "Па-ранейшаму зыходзім з таго, што Мінск з`яўляецца добрай пляцоўкай для правядзення перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі, і іншага шляху няма".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН