Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/11/24/742269_742272/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:12
24.11.2014 13:08 Палітыка, Грамадства

Кіраўнік МЗС Германіі верыць, што мінскі пратакол па Украіне будзе выконвацца

Мінск, 24 лістапада. Кіраўнік МЗС Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер, які на мінулым тыдні наведаў Маскву і Кіеў, заявіў, што верыць у выкананне мінскіх дамоўленасцяў, якія сталі базай для далейшай працы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне, перадае РИА Новости.

Штайнмаер і прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка 18 лістапада ў Кіеве абмеркавалі магчымасць правядзення дыялогу па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе з удзелам Германіі, Польшчы і Францыі. Затым кіраўнік МЗС Германіі адправіўся ў Маскву, дзе яго прыняў кіраўнік расійскай дзяржавы Уладзімір Пуцін.

"З Кіева і Масквы я вярнуўся з адчуваннем, што прэзідэнты Парашэнка і Пуцін будуць прытрымлівацца мінскіх дамоўленасцяў. У святле складанай сітуацыі канфлікту на месцы падзей гэта няшмат і гэтага недастаткова. Але гэта база, на якой далей можна працаваць", — сказаў міністр у інтэрв'ю часопісу Spiegel, апублікаваным 24 лістапада.

Раней кіраўнік нямецкага МЗС ужо параіў не спісваць з рахункаў мінскія пагадненні па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне. Аднак ён заўважыў, што да палітычнага рашэння і зняцця напружання яшчэ далёка.

Таксама Штайнмаер закрануў тэму далучэння Крыма да РФ. "На жаль, мы павінны лічыцца з тым, што анексія Крыма, якая супярэчыць міжнароднаму праву, у найбліжэйшы перыяд будзе заставацца канфліктам паміж намі і Расіяй. Ва ўсходняй Украіне сітуацыя, спадзяюся, яшчэ не вырашана. Я лаўлю Расію на слове, што яна не хоча разбураць цэласнасць Украіны", — сказаў ён. Пры гэтым, паводле слоў міністра, рэальнае становішча спраў сведчыць пра іншае, але не трэба загадзя прадказваць зыход падзей.

Раней нямецкія СМІ паведамлялі аб тым, што пазіцыі канцлера Ангелы Меркель і міністра Штайнмаера адносна Расіі ў святле ўкраінскага канфлікту, відавочна, некалькі разыходзяцца. Калі Меркель заяўляла раней, што Захад не павінен быць "занадта лагодным" адносна дзеянняў РФ, то Штайнмаер, наадварот, заклікаў да стрыманасці. Захад "павінен сачыць, каб у выкарыстанні нашай публічнай мовы не пазбавіць сябе магчымасці садзейнічаць дээскалацыі, зняццю напружання канфлікту", гаварыў міністр.

"Штайнмаер хоча пазбегнуць правакацыі Расіі. Ён баіцца, што гэта вымусіць Расію прытрымлівацца актыўнай абарончай пазіцыі і зробіць супрацоўніцтва ў іншых сферах, у прыватнасці ў сферы перамоў па іранскім атаме, яшчэ больш складаным", — піша выданне, адзначаючы, што ступень сур'ёзнасці разыходжанняў паміж канцлерам і міністрам высветліцца 25 лістапада на пасяджэнні кааліцыйнага камітэта.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН