Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/11/25/742861_742865/
Дата раздрукоўкі: 24.09.2020 02:08
25.11.2014 21:55 Эканоміка

Масква і Мінск канстатавалі, што прыняцце абмежаванняў не адпавядае мэтам функцыянавання Мытнага саюза

Мінск, 25 лістапада. Міністр па прамысловасці і АПК Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Сідорскі абмеркаваў з кіраўніком Рассельгаснагляду Сяргеем Данквертам шляхі ўрэгулявання супярэчнасцяў з пастаўкамі прадуктаў з Беларусі.
Як паведамляе ЕЭК, у рабочай сустрэчы члена калегіі (міністра) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе ЕЭК Сяргея Сідорскага (былы прэм'ер-міністр Беларусі. — БелаПАН.) і кіраўніка Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе РФ Сяргея Данкверта ўзяў удзел саветнік-пасланнік пасольства Беларусі ў Расіі Сяргей Сілкоў.

Бакі абмеркавалі пытанні магчымага ўвядзення Рассельгаснаглядам часовых абмежаванняў на пастаўку прадукцыі некаторых беларускіх прадпрыемстваў, а таксама на транзіт сельскагаспадарчых тавараў праз тэрыторыю Беларусі і Расіі ў Казахстан. Акрамя таго, яны разгледзелі магчымыя наступствы ад увядзення абмежавальных мер для эканомік дзяржаў — членаў МС і ЕЭП.

Падчас перамоў удзельнікі канстатавалі, што прыняцце абмежаванняў не адпавядае мэтам функцыянавання Мытнага саюза. Пры гэтым бакі пагадзіліся, што задачы, пастаўленыя перад Міждзяржаўнай міжведамаснай рабочай групай па недапушчэнні рээкспарту праз Беларусь забароненай да паставак у Расію прадукцыі (створана ў кастрычніку 2014 года), цяпер выконваюцца не ў поўным аб'ёме.

Сідорскі падкрэсліў важнасць правядзення сумесных даследаванняў кантрольных проб тавараў для павышэння ўзаемнага даверу да нацыянальных сістэм маніторынгу бяспекі вытворчасці і абароту прадукцыі сельскагаспадарчага паходжання. Міністр таксама заклікаў беларускі і расійскі бакі сумесна з казахстанскім бокам і ЕЭК у межах Міждзяржаўнай міжведамаснай рабочай групы выпрацаваць надзейны механізм узаемадзеяння па кантролі тавараў і своечасовым рэагаванні на выяўленыя выпадкі парушэнняў устаноўленых патрабаванняў.

Член калегіі прапанаваў не ўводзіць абмежаванні на транзіт тавараў, якія падпадаюць пад забарону імпарту ў Расію, а максімальна выкарыстоўваць магчымасці сумеснага кантролю на знешніх межах Мытнага саюза. Ён таксама параіў устрымацца ад прымянення абмежавальных мераў у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў да завяршэння праверкі, якая праводзіцца ўпаўнаважаным органам беларускага боку.

Прадстаўнік беларускага пасольства абавязаўся праінфармаваць беларускі бок аб выніках сустрэчы.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239