Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/12/07/745255_745256/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:12
07.12.2014 13:23 Палітыка, Грамадства

Новы раўнд перамоў па Украіне можа адбыцца ў Мінску 9 снежня

Мінск, 7 снежня. Сустрэча кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе плануецца ў Мінску 9 снежня. Як паведамляе УНІАН, пра гэта сказаў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падчас брыфінгу ў Чугуеве Харкаўскай вобласці.

Разам з тым Парашэнка адзначыў, што "са стрыманым аптымізмам" глядзіць на магчымасць спынення агню з 9 снежня пасля сустрэчы бакоў канфлікту ў Мінску.

"Задача — зацвярджэнне плана-графіка рэалізацыі мінскіх дамоўленасцяў, маецца на ўвазе, каб з 9 снежня пачаўся дзень артылерыйскай цішыні, і на працягу 30 дзён выйсці на лінію сутыкнення, як адзначаецца ў мінскім пратаколе", — сказаў прэзідэнт Украіны, падкрэсліўшы, што гэта павінна карэспандавацца з адводам цяжкага ўзбраення і тэхнікі і з забеспячэннем працы місіі АБСЕ па назіранні за рэжымам спынення агню.

Парашэнка таксама адзначыў, што пасля гэтага павінен пачацца палітычны дыялог і арганізацыя мясцовых выбараў на Данбасе.

"Гэта павінна карэспандавацца з падрыхтоўкай да палітычнага працэсу арганізацыі мясцовых выбараў на Данбасе, адменай вынікаў незаконных выбараў і пачаткам палітычнага дыялогу", — сказаў прэзідэнт.

Ён дадаў, што 6 снежня размаўляў з прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам, які, у сваю чаргу, меў кароткую сустрэчу з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Паводле слоў Парашэнкі, гэтая сустрэча была скіраваная на тое, каб мець магчымасць правесці перамовы ў Мінску 9 снежня.

Нагадаем, 5 верасня ў Мінску адбыліся перамовы з удзелам экс-прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, пасла РФ ва Украіне Міхаіла Зурабава, спецпрадстаўніка АБСЕ Хайдзі Тальявіні, лідараў сепаратыстаў ДНР Аляксандра Захарчанкі і Андрэя Пургіна, а таксама кіраўніка ЛНР Ігара Платніцкага. Паводле вынікаў сустрэчы быў падпісаны пратакол аб спыненні з 18.00 5 верасня агню на Данбасе.

19 верасня ў Мінску прайшло чарговае пасяджэнне кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе, быў падпісаны мемарандум. Дакумент складаецца з дзевяці пунктаў, у якіх утрымліваецца забарона на прымяненне ўсіх відаў зброі і вядзення наступальных дзеянняў. Згодна з мемарандумам супрацьборныя бакі бяруць абавязак адвесці сваю цяжкую ваенную тэхніку ад умоўнай лініі фронту на 15 км кожны.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН