Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/12/07/745331_745332/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:11
07.12.2014 16:09 Палітыка

Кіраўнік самаабвешчанай ЛНР: Пагадненне аб перамір'і будзе падпісанае 9 снежня

Мінск, 7 снежня. Пагадненне аб перамір'і з украінскімі ўладамі будзе падпісанае 9 снежня, заявіў кіраўнік самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі (ЛНР) Ігар Платніцкі на пасяджэнні ўрада ЛНР 6 снежня, паведамляе інтэрнэт-рэсурс www.novorossia.su

"Учора тут былі прадстаўнікі Украіны. Узгоднена, папярэднія дамоўленасці дасягнутыя. Пагадненне будзе падпісанае 9 снежня", — сказаў Платніцкі. З гэтага дня, дадаў ён, у рэспубліцы пачнецца "этап цішыні".

Паводле слоў Платніцкага, пагадненне будзе складацца з некалькі пунктаў, якія прадугледжваюць спыненне агню, вывад тэхнікі і далейшыя дзеянні па ўрэгуляванні канфлікту. Акрамя таго, у дакуменце будуць прапісаныя ўмовы, пры якіх будзе адкрыты агонь у адказ у выпадку парушэння перамір'я.

Афіцыйны прадстаўнік Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Лысенка 7 снежня заявіў РИА Новости, што ніякіх размоў аб пераносе даты перамоў у Мінску, прызначаных на 9 снежня, не вядзецца. "Ніякіх размоў аб пераносах няма. Акрэслена і дамоўлена — 9 снежня", — сказаў ён. 

Пры гэтым Лысенка адзначыў, што "9 снежня з'яўляецца папярэдняй датай". "Тры бакі — Расія, Украіна і АБСЕ — рыхтуюцца да правядзення гэтых перамоў, а беларускі бок гатовы забяспечыць усе неабходныя ўмовы для перамоў трохбаковай кантактнай групы", — дадаў прадстаўнік СНБА.

Нагадаем, пра сустрэчу кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе 9 снежня ў Мінску паведаміў у мінулую пятніцу, 5 снежня, на брыфінгу ў Харкаўскай вобласці прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. Пры гэтым ён адзначыў, што "са стрыманым аптымізмам" глядзіць на магчымасць спынення агню пасля сустрэчы.

"Задача — зацвярджэнне плана-графіка рэалізацыі мінскіх дамоўленасцяў, маецца на ўвазе, каб з 9 снежня пачаўся дзень артылерыйскай цішыні, і на працягу 30 дзён выйсці на лінію сутыкнення, як адзначаецца ў мінскім пратаколе", — сказаў прэзідэнт Украіны, падкрэсліўшы, што гэта павінна карэспандавацца з адводам цяжкага ўзбраення і тэхнікі і з забеспячэннем працы місіі АБСЕ па назіранні за рэжымам спынення агню. Затым, заявіў Парашэнка, павінен адбыцца палітычны дыялог з адменай вынікаў незаконных мясцовых выбараў і правядзеннем новай выбарчай кампаніі на Данбасе. 

Выбары кіраўніцтва самаабвешчаных Луганскай і Данецкай народных рэспублік прайшлі 2 лістапада, аднак украінскія ўлады лічаць ЛНР і ДНР тэрарыстычнымі арганізацыямі.

Перамовы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне адбыліся ў Мінску 5 і 19 верасня. Падчас першай сустрэчы быў падпісаны пратакол аб спыненні агню на Данбасе, паводле вынікаў другой — мемарандум з дзевяці пунктаў. Нягледзячы на гэта неўзабаве ўзброеныя сутыкненні на Данбасе аднавіліся.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН