Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/12/08/745390_745393/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:01
08.12.2014 11:19 Палітыка

Парашэнка выказаўся за найхутчэйшую сустрэчу кантактнай групы па Украіне

Мінск, 8 снежня. Пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па Украіне павінна адбыцца як мага хутчэй, каб ужо 9 снежня дабіцца спынення агню, заявіў прэзідэнт краіны Пётр Парашэнка 7 снежня ў Кіеве на сустрэчы са спецыяльным прадстаўніком дзейнага старшыні АБСЕ ў складзе кантактнай групы па рэалізацыі мірнага плана на Усходзе Украіны Хайдзі Тальявіні.

Парашэнка "адзначыў важную ролю, якую адыгрывае трохбаковая кантактная група, і выказаў надзею, што, нягледзячы на заканчэнне швейцарскага старшынства ў АБСЕ, Хайдзі Тальявіні працягне сваю важную працу", гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ўкраінскага лідара.

Тальявіні паведаміла пра намер застацца ў складзе групы і прадоўжыць працу. Яна падкрэсліла, што мінскія дамоўленасці, а менавіта пратакол ад 5 верасня і мемарандум ад 19 верасня 2014 года, з'яўляюцца асновай для мірнага ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе і павінны выконвацца ўсімі бакамі.

Парашэнка і Тальявіні "дамовіліся аб каардынацыі далейшых дзеянняў па рэалізацыі плана мірнага ўрэгулявання ў Данбасе".

Раней паведамлялася, што чарговае пасяджэння групы пройдзе ў Мінску 9 снежня. 6 снежня Парашэнка заявіў, што "са стрыманым аптымізмам" глядзіць на магчымасць спынення агню з 9 снежня пасля сустрэчы канфліктуючых бакоў у Мінску.

"Задача — зацвярджэнне плана-графіка рэалізацыі мінскіх дамоўленасцяў, маецца на ўвазе, каб з 9-га чысла пачаўся дзень артылерыйскай цішыні, і на працягу 30 дзён выйсці на лінію судакранання, як зазначаецца ў мінскім пратаколе", — сказаў прэзідэнт Украіны, падкрэсліўшы, што гэта павінна карэспандавацца з адводам цяжкага ўзбраення і тэхнікі і з забеспячэннем працы місіі АБСЕ па назіранні за рэжымам спынення агню.

Парашэнка таксама зазначыў, што пасля гэтага павінен распачацца палітычны дыялог і арганізацыя мясцовых выбараў у Данбасе.

Між тым прадстаўнік г.зв. Данецкай народнай рэспублікі Дзяніс Пушылін заявіў, што сустрэча магчымая не раней за 12 снежня, таму што "ўтварылася мноства пытанняў, якія патрабуюць узгаднення з кіраўніцтвам".

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН