Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/12/08/745555_745556/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:02
08.12.2014 17:27 Палітыка

Прадстаўнік ДНР: Перамовы ў Мінску адбудуцца, як толькі Кіеў пацвердзіць парадак дня

Мінск, 8 снежня. Перамовы ў Мінску па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне адбудуцца, як толькі Кіеў пацвердзіць парадак дня, заявіў 8 снежня пастаянны прадстаўнік самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) у кантактнай групе Дзяніс Пушылін.

Паводле яго слоў, цяпер бакі абмяркоўваюць парадак дня сустрэчы, якая, як заяўлялася раней, плануецца на гэтым тыдні ў Мінску. "Парадак дня ўключае ў сябе: першае — рэжым цішыні і адвод артылерыі і сістэм залпавага агню; другое — абмен палоннымі па ўзгодненых спісах; трэцяе — паэтапнае зняцце Украінай эканамічнай блакады Данбаса; чацвёртае — увядзенне ў дзеянне законаў Украіны "Аб асаблівым статусе Данбаса" і "Аб амністыі", — цытуе Пушыліна расійскае агенцтва ТАСС.

Паводле слоў прадстаўніка ДНР, Кіеў "не фармулюе выразнай пазіцыі па пунктах тры і чатыры". "Магчыма, яны жадаюць пазбегнуць канкрэтных рашэнняў, каб эканамічна задушыць народныя рэспублікі і такім чынам пазбегнуць неабходнасці палітычнага дыялогу з нашым народам", — заявіў Пушылін.

Нагадаем, у мінулую пятніцу прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка паведаміў, што 9 снежня ў Мінску плануецца сустрэча кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе. "Задача — зацвярджэнне плана-графіка рэалізацыі мінскіх дамоўленасцяў, маецца на ўвазе, каб з 9-га чысла пачаўся дзень артылерыйскай цішыні і на працягу 30 дзён выйсці на лінію сутыкнення, як адзначаецца ў мінскім пратаколе", — сказаў украінскі лідар. Гэта, дадаў ён, павінна суправаджацца адводам цяжкага ўзбраення і тэхнікі, а таксама забеспячэннем працы місіі АБСЕ па назіранні за рэжымам спынення агню. Затым, заявіў Парашэнка, павінен адбыцца палітычны дыялог з адменай вынікаў незаконных мясцовых выбараў (яны прайшлі 2 лістапада) і правядзеннем новай выбарчай кампаніі ў Данбасе.

7 снежня Пушылін заявіў, што мінская сустрэча павінна прайсці не раней за 12 снежня. "Мы настойваем на даце перамоў не раней за 12-е, 9-е катэгарычна не падыходзіць. Сабралася шмат пытанняў, якія патрабуюць узгаднення з кіраўніцтвам, яны патрабуюць прапрацоўкі, інакш яны проста не будуць вырашаныя", — сказаў прадстаўнік ДНР у мінскай кантактнай групе.

У адказ на гэта прэс-сакратар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Лысенка заявіў, што, зацягваючы тэрміны сустрэчы ў Мінску, баевікі дэманструюць незацікаўленасць у спыненні кровапраліцця. Паводле слоў Лысенкі, пра дату "вырашальных перамоў" 9 снежня было паведамлена загадзя. "Таму любая ініцыятыва па зацягванні перамоў выклікае як мінімум здзіўленне. Украінскі бок да перамоў 9 снежня абсалютна гатовы", — падкрэсліў прадстаўнік СНБА.

Перамовы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне адбыліся ў Мінску 5 і 19 верасня. Падчас першай сустрэчы быў падпісаны пратакол аб спыненні агню ў Данбасе, па выніках другой — мемарандум, які складаецца з дзевяці пунктаў. Нягледзячы на гэта неўзабаве ўзброеныя сутыкненні на Данбасе аднавіліся.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН