Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/12/09/745684_745703/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:02
09.12.2014 13:20 Палітыка

На сустрэчы кантактнай групы па Украіне ў Мінску, якая мае адбыцца, не будзе абмяркоўвацца новае пагадненне аб спыненні агню, заяўляюць у Дзярждэпе ЗША

Мінск, 9 снежня. На сустрэчы ў Мінску кантактнай групы па Украіне, якая мае адбыцца, не будзе абмяркоўвацца новае пагадненне аб спыненні агню, паведаміла прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Джэн Псакі 8 снежня на брыфінгу ў Вашынгтоне.

"Гэта не будзе абмеркаванне новага пагаднення аб спыненні агню, будуць абмяркоўвацца пытанні па рэалізацыі пагаднення аб спыненні агню, дасягнутага ў Мінску ў верасні, якое Расія і сепаратысты, якія падтрымліваюцца ёю, не выконваюць", — сказала Псакі.

Паводле яе слоў, новая сустрэча стане для Расіі і сепаратыстаў "магчымасцю паказаць, што яны выконваюць узятыя на сябе абавязацельствы".

Варта зазначыць, што 8 снежня прадстаўнік самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі ў кантактнай групе Дзяніс Пушылін заявіў, што перамовы ў Мінску па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне адбудуцца, як толькі Кіеў пацвердзіць парадак дня.

Паводле яго слоў, парадак дня бакі цяпер абмяркоўваюць. "Парадак дня ўключае ў сябе: першае — рэжым цішыні і адвод артылерыі і сістэм залпавага агню; другое — абмен палоннымі па ўзгодненых спісах; трэцяе — паэтапнае зняцце Украінай эканамічнай блакады Данбаса; чацвёртае — увядзенне ў дзеянне законаў Украіны "Аб асаблівым статусе Данбаса" і "Аб амністыі", — цытавала Пушыліна расійскае агенцтва
ТАСС.

Паводле слоў прадстаўніка ДНР, Кіеў "не фармулюе яснай пазіцыі па пунктах тры і чатыры". "Магчыма, яны хочуць пазбегнуць канкрэтных рашэнняў, каб эканамічна задушыць народныя рэспублікі і такім чынам пазбегнуць неабходнасці палітычнага дыялогу з нашым народам", — заявіў Пушылін.


Нагадаем, у мінулую пятніцу прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка паведаміў, што 9 снежня ў Мінску плануецца сустрэча кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе. "Задача — зацвярджэнне плана-графіка рэалізацыі мінскіх дамоўленасцяў, маецца на ўвазе, каб з 9-га чысла пачаўся дзень артылерыйскай цішыні і на працягу 30 дзён выйсці на лінію судакранання, як зазначаецца ў мінскім пратаколе", — сказаў украінскі лідар. Гэта, дадаў ён, павінна суправаджацца адводам цяжкага ўзбраення і тэхнікі, а таксама забеспячэннем працы місіі АБСЕ па назіранні за рэжымам спынення агню. Затым, заявіў Парашэнка, павінен быць палітычны дыялог з адменай вынікаў незаконных мясцовых выбараў (яны прайшлі 2 лістапада) і правядзеннем новай выбарчай кампаніі ў Данбасе.

Начальнік галоўнага следчага ўпраўлення СБУ Васіль Воўк у эфіры праграмы "Свабода слова" на ICTV вечарам 8 снежня паведаміў, што сустрэчу ў Мінску кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне перанясуць на 12 снежня. "Хутчэй за ўсё, 9 снежня сустрэча не адбудзецца. І вельмі спадзяюся, з вялікай верагоднасцю яна адбудзецца 12 снежня, у пятніцу. І думаю, што не толькі адбудзецца сустрэча, але і будуць канкрэтныя вынікі", — зазначыў ён.
Таццяна Кааравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН