Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/12/09/745766_745772/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:54
09.12.2014 16:17 Палітыка, Грамадства

Дэпутат Дзярждумы Слуцкі: Чарговае пасяджэнне кантактнай групы па Украіне ў Мінску можа прайсці 11 снежня

Мінск, 9 снежня. Чарговае пасяджэнне ў Мінску кантактнай групы па Украіне можа прайсці 11 снежня. Аб гэтым паведаміў 9 снежня старшыня камітэта Дзяржаўнай думы па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі Леанід Слуцкі па выніках закрытага пасяджэння камітэта з удзелам прадстаўнікоў МЗС РФ.

"Рашэнне пра дату правядзення прынятае ўжо на 90%, — цытуе Слуцкага РІА Новости. — Па фармаце мінскія перамовы павінны прайсці пры ўдзеле пасла РФ ва Украіне Міхаіла Зурабава, экс-прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, прадстаўнікоў Данецкай і Луганскай абласцей і спецпасланніка АБСЕ Хайдзі Тальявіні. Будзем спадзявацца, што "Мінск-2" прынясе вынікі ў вырашэнні пытанняў па абмене ваеннапалоннымі і ўсталяванні "рэжыму цішыні". Гэта будзе самым важным рашэннем".

Раней паведамлялася, што чарговае пасяджэнне кантактнай групы пройдзе ў Мінску 9 снежня. Называлася таксама дата 12 снежня. Мяркуючы па выказваннях бакоў, ёсць праблема з парадкам дня сустрэчы, якая мае адбыцца.

У прыватнасці, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка ў мінулую пятніцу паведаміў, што 9 снежня ў Мінску плануецца зацвердзіць план-графік рэалізацыі дасягнутых раней мірных дамоўленасцяў. "Маецца на ўвазе, каб з 9-га чысла пачаўся дзень артылерыйскай цішыні і на працягу 30 дзён выйсці на лінію судакранання, як адзначаецца ў мінскім пратаколе", — растлумачыў украінскі лідар. Гэта, дадаў ён, павінна суправаджацца адводам цяжкага ўзбраення і тэхнікі, а таксама забеспячэннем працы місіі АБСЕ па назіранні за рэжымам спынення агню. Затым, заявіў Парашэнка, павінен адбыцца палітычны дыялог з адменай вынікаў незаконных мясцовых выбараў (яны прайшлі 2 лістапада) і правядзеннем новай выбарчай кампаніі ў Данбасе.

Аднак пастаянны прадстаўнік самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) у кантактнай групе Дзяніс Пушылін заявіў, што мінская сустрэча павінна прайсці не раней за 12 снежня. "Мы настойваем на даце перамоў не раней 12-га, 9-е катэгарычна не падыходзіць. Сабралася шмат пытанняў, якія патрабуюць узгаднення з кіраўніцтвам, яны патрабуюць прапрацоўкі, інакш яны проста не будуць вырашаныя", — сказаў ён.

Паводле слоў Пушыліна, перамовы ў Мінску адбудуцца, як толькі Кіеў пацвердзіць парадак дня сустрэчы. "Парадак дня складаецца з: першае — рэжым цішыні і адвод артылерыі і сістэм залпавага агню; другое — абмен палоннымі па ўзгодненых спісах; трэцяе — паэтапнае зняцце Украінай эканамічнай блакады Данбаса; чацвёртае — увядзенне ў дзеянне законаў Украіны "Аб асаблівым статусе Данбаса" і "Аб амністыі", — сказаў прадстаўнік ДНР. Аднак, дадаў Пушылін, Кіеў "не фармулюе выразнай пазіцыі па пунктах тры і чатыры".

Папярэднія перамовы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне прайшлі ў Мінску 5 і 19 верасня. На іх былі падпісаны пратакол аб спыненні агню ў Данбасе, а таксама мемарандум, які складаецца з дзевяці пунктаў. Нягледзячы на гэта, неўзабаве ўзброеныя сутыкненні ў Данбасе аднавіліся.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН