Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/12/11/746416_746421/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:03
11.12.2014 19:02 Палітыка

Дата мірных перамоў па Украіне ў Мінску ўсё яшчэ не вызначаная, заяўляюць у Кіеве

Мінск, 11 снежня. Узгадненне даты і дэталей наступнага раўнда перамоў удзельнікаў кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны працягваецца. Пра гэта заявіў 11 снежня на брыфінгу ў Кіеве прадстаўнік Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Савета нацыянальнай бяспекі і абароны (СНБА) Украіны Андрэй Лысенка, паведамляе агенцтва УНИАН.

Нагадаем, сустрэча кантактнай групы ў складзе прадстаўнікоў Украіны, Расіі, АБСЕ і данбаскіх сепаратыстаў планавалася ў Мінску 9 снежня — пра гэта ў мінулую пятніцу паведаміў украінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка.

Аднак супраць гэтай даты выступілі сепаратысты. "Мы настойваем на даце перамоў не раней за 12-е, 9-е катэгарычна не падыходзіць, — заявіў пастаянны прадстаўнік самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) у кантактнай групе Дзяніс Пушылін. — Сабралася мноства пытанняў, якія патрабуюць узгаднення з кіраўніцтвам, яны патрабуюць прапрацоўкі, інакш яны папросту не будуць вырашаныя".

Каментуючы словы Пушыліна, Андрэй Лысенка 8 снежня падкрэсліў: зацягваючы тэрміны сустрэчы ў Мінску, баевікі дэманструюць незацікаўленасць у спыненні кровапраліцця. Паводле яго слоў, аб даце "вырашальных перамоў" у Мінску 9 снежня было паведамлена загадзя, сваю гатоўнасць удзельнічаць у іх пацвердзілі расійскі бок і АБСЕ. "Таму любая ініцыятыва па зацягванні перамоў выклікае як мінімум здзіўленне", — сказаў прадстаўнік СНБА.

У якасці даты правядзення перамоў называлася і 11 снежня. Пра гэта заявіў 9 снежня старшыня камітэта Дзяржаўнай думы па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі Леанід Слуцкі. "Рашэнне аб даце правядзення прынятае ўжо на 90%", — сказаў ён.

У Мінску ўжо ўсё гатова да пасяджэння кантактнай групы па Украіне, заявіў журналістам 11 снежня прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык. Дата перамоў залежыць выключна ад рашэння бакоў, якія ўдзельнічаюць у перамовах, падкрэсліў ён.

Мяркуючы па выказваннях бакоў, пытанне ўпіраецца ў парадак дня сустрэчы. Так, Пётр Парашэнка паведамляў, што на перамовах у Мінску плануецца зацвердзіць план-графік рэалізацыі дасягнутых раней мірных дамоўленасцяў. "Маецца на ўвазе, каб з 9 снежня пачаўся дзень артылерыйскай цішыні і на працягу 30 дзён выйсці на лінію сутыкнення, як адзначаецца ў мінскім пратаколе", — сказаў украінскі лідар. Гэта, дадаў ён, павінна суправаджацца адводам цяжкага ўзбраення і тэхнікі, а таксама забеспячэннем працы місіі АБСЕ па назіранні за рэжымам спынення агню, пасля чаго павінен адбыцца палітычны дыялог з адменай вынікаў незаконных мясцовых выбараў (яны прайшлі 2 лістапада) і правядзеннем новай выбарчай кампаніі ў Данбасе.

Прадстаўнік ДНР Дзяніс Пушылін, у сваю чаргу, заяўляў: "Парадак дня ўключае ў сябе: першае — рэжым цішыні і адвод артылерыі і сістэм залпавага агню; другое — абмен палоннымі па ўзгодненых спісах; трэцяе — паэтапнае зняцце Украінай эканамічнай блакады Данбаса; чацвёртае — увядзенне ў дзеянне законаў Украіны "Аб асаблівым статусе Данбаса" і "Аб амністыі". Кіеў, паводле слоў Пушыліна, "не фармулюе выразнай пазіцыі па пунктах тры і чатыры".

Былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, прадстаўнік Кіева ў кантактнай групе, заявіў, што не бачыць мэтазгоднасці ў правядзенні ў найбліжэйшыя дні перамоў у Мінску. "Ва ўмовах, калі другі бок не можа забяспечыць рэжым спынення агню, не лічу гэтую сустрэчу мэтазгоднай. Няхай яны пакажуць, што на справе хочуць міру, а не вайны, што яны цалкам кантралююць свае ўзброеныя фарміраванні", — сказаў Кучма 10 снежня.

Ён нагадаў, што ўкраінскі бок прапаноўваў правесці сустрэчу ў Мінску 9 снежня, адначасова з аб'яўленнем "дня цішыні" ў Данбасе, але гэтая прапанова не была прынятая з невядомых прычын. "Украінскі бок будзе гатовы да наступнай сустрэчы пры поўным спыненні агню", — заявіў Кучма.

Папярэднія перамовы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне прайшлі ў Мінску 5 і 19 верасня. На іх былі падпісаныя пратакол аб спыненні агню ў Данбасе, а таксама мемарандум з дзевяці пунктаў. Нягледзячы на гэта, неўзабаве ўзброеныя сутыкненні ў Данбасе аднавіліся.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН