Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/12/16/747339_747342/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:03
16.12.2014 18:14 Палітыка

Арсен Яцанюк заклікаў Расію выканаць мінскія дамоўленасці

Мінск, 16 снежня. Прэм'ер-міністр Украіны Арсен Яцанюк заклікаў Расію "неадкладна выканаць мінскія дамоўленасці".

Выступаючы 16 снежня на канферэнцыі Цэнтра еўрапейскай палітыкі ў межах рабочага візіту ў Брусель, Яцанюк заявіў, што ў Крыме не павінна быць ядзернай зброі, паведамляе УНІАН.

Паводле слоў украінскага прэм'ера, "Расія пастаянна парушае міжнародныя законы, пастаянна пагражае членам НАТА, напрыклад, парушэннем паветранай прасторы, і Расія стала парушаць пагадненні аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі". Як лічыць Яцанюк, пытанне размяшчэння ядзернай зброі ў Крыме — "гэта яшчэ адна прыкмета, што адбываецца канфлікт не проста паміж Украінай і Расіяй". "Гэта выклік для ўсяго свету, і свет павінен адрэагаваць усімі сродкамі і метадамі, каб не дазволіць Расіі размяшчаць ядзерную зброю на ўкраінскай тэрыторыі, бо Крым — гэта тэрыторыя Украіны", — заявіў прэм'ер.

Яцанюк адзначыў, што было некалькі спробаў дасягнуць мірных дамоўленасцяў з Расіяй — у Жэневе, затым у Нармандыі і ў Мінску. "Адзінае пагадненне, якое ў нас ёсць, — мінскія дамоўленасці, якія былі падпісаныя і падтрыманыя Расіяй. І, уласна, прэзідэнт Пуцін падтрымаў ідэю мінскіх дамоўленасцяў, а потым адмовіўся іх выконваць", — сказаў украінскі прэм'ер.

"Заклікаем Расійскую Федэрацыю неадкладна выканаць мінскія дамоўленасці. І мінскія дамоўленасці — гэта не меню. Усе 12 пунктаў павінны быць выкананыя", — падкрэсліў Яцанюк.

Ён дадаў, што першым чынам неабходна ўсталяваць кантроль на мяжы паміж Украінай і Расіяй. "Нам крытычна неабходна закрыць мяжу, у іншым выпадку ўсе намаганні для дээскалацыі сітуацыі на ўсходзе Украіны не будуць мець сэнсу", — перакананы кіраўнік урада Украіны.

Нагадаем, на мінулым тыдні ў Мінску чакалася сустрэча кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ з удзелам данбаскіх сепаратыстаў. У якасці даты перамоў называлі 9, 11 і 12 снежня, аднак сустрэча сарвалася. Нягледзячы на тое што за правядзенне сустрэчы выступаюць усе ўдзельнікі перамоўнага працэсу, дата яе дагэтуль не вызначаная.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН