Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/12/17/747615_747621/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:18
17.12.2014 18:16 Палітыка

Парашэнка: Ёсць надзея, што ў нядзелю ў Мінску адбудзецца пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы

Мінск, 17 снежня. Пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны можа адбыцца 21 снежня ў Мінску. Пра гэта, як паведамляе агенцтва УНІАН, заявіў 17 снежня прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Польшчы Браніславам Камароўскім.

"У чацвер, пятніцу адбудзецца відэаканферэнцыя ў фармаце трохбаковай кантактнай групы, і ёсць надзея, што ў нядзелю ў Мінску пройдзе пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы", — сказаў Парашэнка.

Ён нагадаў, што 16 снежня адбылася тэлефонная гутарка ў "нармандскім фармаце" (з прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам, федэральным канцлерам Германіі Ангелай Меркель і прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. — БелаПАН.), падчас якой абмяркоўвалася сітуацыя на ўсходзе Украіны.

"Ключавое пытанне, якое ўзнімалася, — гэта выкананне падпісанага Мінскага пратакола і Мінскага мемарандума", — сказаў Парашэнка.

У прыватнасці, паводле яго слоў, гаворка ішла пра неадкладнае вызваленне заложнікаў, у тым ліку ўкраінскай лётчыцы народнага дэпутата Надзеі Саўчанкі.

"Дасягнутая дамоўленасць, што да канца гэтага года будуць прыкладзеныя ўсе намаганні для таго, каб вызваліць усіх заложнікаў", — дадаў Парашэнка.

Нагадаем, 9 снежня ў Мінску была запланаваная сустрэча трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе. Пазней стала вядома, што сустрэча не адбудзецца.

16 снежня міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў заявіў, што затрымка склікання трохбаковай кантактнай групы ў Мінску звязаная з жаданнем самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік абмяркоўваць эканамічнае ўзаемадзеянне з Украінай.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН