Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/12/19/748098_748102/
Дата раздрукоўкі: 11.05.2021 01:32
19.12.2014 11:30 Эканоміка, Фінансы, Грамадства

Пётр Пракаповіч: Дэвальвацыі не будзе

Мінск, 19 снежня. Намеснік прэм'ер-міністра Пётр Пракаповіч заяўляе, што дэвальваваць беларускі рубель не плануецца, і прапаноўвае не стаяць у чэргах у абменныя пункты па валюту.
"Пытанне аб дэвальвацыі — не да мяне. Але калі вы мне верыце, то — не будзе", — заявіў Пракаповіч журналістам 19 снежня ў Мінску.

Паводле яго слоў, курс рубля будзе такім, які запланаваны ў асноўных кірунках сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Пракаповіч адзначыў, што кіраўнік дзяржавы 18 снежня даў усе адказы на пытанні аб дэвальвацыі. У прыватнасці, сказаў ён, аб тым, што Беларусь не пойдзе за Расіяй у пытанні дэвальвацыі рубля.

Таксама Пракаповіч параіў не стаяць у чэргах у абменныя пункты па валюту. Паводле яго слоў, адсутнасць валюты ў некаторых з іх выклікана тэхнічнымі пытаннямі, звязанымі з вялікім попытам у насельніцтва.

Нагадаем, Пётр Пракоповіч ужо выступаў з падобнай заявай напярэдадні крызісу 2011 года, калі беларускі рубель абясцэніўся ў тры разы. "Пакуль я з'яўляюся старшынёй праўлення Нацбанка, ніякай разавай аднамомантнай дэвальвацыі ніколі не будзе", — заявіў ён у сакавіку 2011 года.

На нарадзе 18 снежня Лукашэнка заявіў, што Беларусь не будзе бегчы за Расіяй і дэвальваваць нацыянальны рубель.

Паводле яго слоў, "ваганні на расійскім валютным рынку не паддаюцца ніякаму асэнсаванню". Дэвальваваць валюту на гэтым фоне непрымальна, заявіў Лукашэнка. "У нас ёсць абавязацельствы перад насельніцтвам, і мы іх павінны прытрымлівацца, што, як мяне інфармуе ўрад і Нацыянальны банк, і робіцца", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу на тое, што стабільнасць на валютным рынку — гэта абавязак банкаўскай сістэмы на чале з Нацбанкам і ўрадам, усё астатняе — у руках насельніцтва. "Хочаце абвалу — бегайце па абменніках, гэта ўсё ў руках грамадзян нашай краіны. Ківаць на кіраўніцтва, на ўрад, на Нацыянальны банк сёння непрымальна", — заявіў Лукашэнка.

Тым часам, па стане на раніцу 19 снежня, максімальны курс куплі долара ЗША ў банкаўскіх абменных пунктах Мінска вырас на 650 рублёў і дасягнуў 11.800 рублёў, мінімальны курс продажу павялічыўся на 350 рублёў і склаў 11.500 рублёў.

Пры гэтым максімальны продаж долара дасягнуў 11.990 рублёў супраць 11.400 рублёў напярэдадні.

Еўра максімальна куплялі па 14.400 рублёў (рост на 600 рублёў), мінімальны продаж вырас на 160 рублёў і дасягнуў 14.000 рублёў.

Максімальны курс куплі расійскага рубля вырас на 11 рублёў і склаў 182 рублі, мінімальны курс продажу павялічыўся на 20 рублёў — да 195 рублёў.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239