Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/12/19/748416_748417/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 09:55
19.12.2014 22:48 Палітыка

Сустрэча Парашэнкі і Лукашэнкі пройдзе 21 снежня ва Украіне

Мінск, 19 снежня. Сустрэча Пятра Парашэнкі і Аляксандра Лукашэнкі пройдзе 21 снежня ва Украіне. Гэта вынікае з паведамлення прэс-службы ўкраінскага прэзідэнта па выніках тэлефоннай гутаркі з кіраўніком Казахстана Нурсултанам Назарбаевым, які прыбудзе ў Кіеў на наступны дзень.

"Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што лічыць візіт прэзідэнта Казахстана і візіт прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, які прыбудзе ва Украіну ў нядзелю, своечасовымі, важнымі і сімвалічнымі", — адзначаецца ў рэлізе.

Раней пра сустрэчу з прэзідэнтам Украіны паведаміў Лукашэнка. "Ён учора пазваніў мне і папрасіў, каб мы неяк сустрэліся, перагаварылі па некаторых пытаннях, ды і я выказаў жаданне, таму што нам ёсць аб чым пагаварыць у гэтай сітуацыі", — заявіў Лукашэнка падчас наведвання Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз 19 снежня.

"Зыходзячы з гэтай гутаркі я зразумеў, што ўкраінскае кіраўніцтва, у прыватнасці прэзідэнт Украіны, абсалютна не з'яўляецца перашкодай да пачатку новага раўнда перамоў у Мінску. Як ён сказаў, ён чакае цяпер рэакцыі з боку кіраўнікоў Луганскай і Данецкай рэспублік. Калі там дамоўленасці будуць, то найбліжэйшым часам яны могуць сабрацца зноў на гэтай пляцоўцы ў Мінску, каб прадоўжыць дыялог і падумаць, у якім кірунку яны будуць рухацца", — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што самым важным з'яўляецца дыялог. "Як бы ні было цяжка, я разумею і прэзідэнта Украіны, але іншага шляху, як садзіцца за стол перамоў і весці дыялог, ні ў яго, ні ў кіраўнікоў Данецка і Луганска няма. Трэба размаўляць. Усё адно калісьці будзе мір. Але нельга далей ісці шляхам эскалацыі і гібелі ні ў чым не вінаватых людзей", — заявіў беларускі кіраўнік.

Не выключана, што 21 снежня ў Мінску адбудзецца сустрэча кантактнай групы Украіна—Расія—АБСЕ з удзелам прадстаўнікоў т. зв. данецкай і луганскай народных рэспублік, якая неаднойчы пераносілася.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН