Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/12/22/748656/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:19
22.12.2014 09:22 Палітыка

Парашэнка выказаў падзяку Лукашэнку за "выразную пазіцыю па суверэнітэце, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Украіны"

Мінск, 22 снежня. Ва Украіны і Беларусі ёсць шырокі спектр пытанняў развіцця супрацоўніцтва, заявіў украінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 21 снежня ў Кіеве.

"У нас вельмі шырокі парадак дня — у пытаннях эканамічнага супрацоўніцтва, і ў каардынацыі дзеянняў у міжнародных арганізацыях, і ў пытаннях фінансавага супрацоўніцтва ёсць даволі сур'ёзныя выклікі, на якія мы павінны рыхтаваць скаардынаваныя адказы, і ў сферы бяспекі", — цытуе Парашэнку яго прэс-служба.

Украінскі лідар выказаў падзяку суразмоўцу "за тое, што падчас гэтага працэсу мы атрымалі ўнікальную магчымасць дыялогу трохбаковай кантактнай групы для вырашэння надзённых праблем". "Я таксама асобна ўдзячны Беларусі за яе выразную пазіцыю па суверэнітэце, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Украіны. Для нас ваша цвёрдая пазіцыя, якую вы выказвалі ўвесь час, уключаючы пазіцыю адносна так званых лістападаўскіх выбараў у лістападзе [у самаабвешчаных ДНР і ЛНР], надзвычай важная", — падкрэсліў Парашэнка.

Паводле яго слоў, сусветная дыпламатыя не толькі прызнала мінскі фармат перамоў, мінскі мемарандум і мінскі пратакол. "Увесь свет сёння гаворыць аб тым, што яны сёння з'яўляюцца асновай мірнага плана прэзідэнта Парашэнкі і асновай мірнага працэсу ва Украіне. Яны прызнаныя ААН, Еўрапейскім саюзам, краінамі G-20. Фактычна яны сёння з'яўляюцца безальтэрнатыўнай мадэллю дээскалацыі сітуацыі на частцы тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей", — лічыць украінскі прэзідэнт. Ён выказаў надзею, што мінскія сустрэчы ўдасца аднавіць.

У сваю чаргу Лукашэнка адзначыў павелічэнне тавараабароту з Украінай нягледзячы на складаную сітуацыю на Данбасе. "Тавараабарот паміж Украінай і Беларуссю не ўпаў, а нават вырас. І што важна, у нас сёння стопрацэнтна аплачаныя ўсе нашы кантракты. Ні з адной краінай такога ў нас няма", — падкрэсліў беларускі кіраўнік, які не раз заяўляў аб праблемах ў гандлі з Расіяй.

Лукашэнка заявіў, што Беларусь заўсёды была за мір ва Украіне і па-ранейшаму гатовая спрыяць правядзенню мірных перамоў, у якіх Мінск будзе выступаць нейтральнай пляцоўкай. "Я шчыра жадаю, каб ва Украіне быў мір і ўсё было добра", — сказаў ён.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН