Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/12/24/749416_749417/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:13
24.12.2014 22:58 Палітыка

У Мінску завяршыліся перамовы кантактнай групы па Украіне

Мінск, 24 снежня. Пасяджэнне кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе праходзіла ў комплексе Dipservice Hall (Дом прыёмаў) на вуліцы Фрунзе ў закрытым рэжыме і доўжылася больш за пяць гадзін. Яго вынікі невядомыя, бо пасля заканчэння ўдзельнікі перамоў адразу раз'ехаліся, не сустрэўшыся з прэсай.
У перамовах, нагадаем, удзельнічалі афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні і былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, пасол Расіі ў Кіеве Міхаіл Зурабаў і прадстаўнікі сепаратыстаў з так званых луганскай і данецкай народных рэспублік — Уладзіслаў Дзяйнега і Дзяніс Пушылін.

Напярэдадні Адэльхейд Тальявіні паведамляла, што на сустрэчы ў Мінску плануецца абмеркаваць чатыры блокі пытанняў: спыненне агню ўсімі бакамі, адвод усімі бакамі цяжкай тэхнікі, абмен палонных "усіх на ўсіх", дастаўкі гуманітарных грузаў на падкантрольныя баевікам тэрыторыі для прадухілення гуманітарнай катастрофы.

Аб правядзенні ў Мінску сустрэч кантактнай групы 24 і 26 снежня дамовіліся ў панядзелак прэзідэнты Украіны Пётр Парашэнка, Францыі Франсуа Аланд, Расіі Уладзімір Пуцін і канцлер Германіі Ангела Меркель падчас тэлефоннай гутаркі.

Паводле звестак прэс-службы ўкраінскага прэзідэнта, суразмоўцы "пагадзіліся з неабходнасцю выконваць усе пункты мінскіх дамоўленасцяў, сярод якіх пытанні спынення агню, выхаду на лінію размежавання, якая замацаваная ў мемарандуме ад 19 верасня, адводу войскаў і цяжкага ўзбраення, а таксама найхутчэйшага вызвалення ўсіх заложнікаў".

Ці адбудзецца пасяджэнне кантактнай групы ў Мінску 26 снежня, пакуль невядома.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН