Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/12/25/749438_749440/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:50
25.12.2014 15:04 Палітыка

Прадстаўнікі сепаратыстаў: Перамовы ў Мінску праходзілі складана і мелі падрыхтоўчы характар

Мінск, 25 снежня. Перамовы падчас мінскай сустрэчы "праходзілі складана і мелі падрыхтоўчы характар", заявіў адзін з яе ўдзельнікаў, прадстаўнік сепаратыстаў ад так званай Луганскай народнай рэспублікі Уладзіслаў Дзяйнега, паведамляе інфармагенцтва сепаратыстаў Новороссия.

Паводле слоў Дзяйнегі, дата наступнай сустрэчы яшчэ не вызначаная.

Пасяджэнне кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе прайшло вечарам 24 снежня ў Мінску ў закрытым рэжыме і доўжылася больш за пяць гадзін. Яго вынікі невядомыя, бо пасля заканчэння ўдзельнікі перамоў адразу раз'ехаліся, не стаўшы размаўляць з прэсай.

У перамовах, нагадаем, удзельнічалі афіцыйны прадстаўнік старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні і былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, пасол Расіі ў Кіеве Міхаіл Зурабаў і прадстаўнікі сепаратыстаў з так званых луганскай і данецкай народных рэспублік — Уладзіслаў Дзяйнега і Дзяніс Пушылін.

Напярэдадні Адэльхейд Тальявіні паведаміла, што на сустрэчы ў Мінску плануецца абмеркаваць чатыры блокі пытанняў: спыненне агню ўсімі бакамі, адвод усімі бакамі цяжкай тэхнікі, абмен палоннымі "усіх на ўсіх", дастаўка гуманітарных грузаў на падкантрольныя баявікам тэрыторыі для прадухілення гуманітарнай катастрофы.

Аб правядзенні ў Мінску сустрэч кантактнай групы 24 і 26 снежня дамовіліся ў панядзелак прэзідэнты Украіны Пётр Парашэнка, Францыі Франсуа Аланд, Расіі Уладзімір Пуцін і канцлер Германіі Ангела Меркель падчас тэлефоннай размовы.

Як паведаміла прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта, суразмоўцы "згадзіліся з неабходнасцю выконваць усе пункты мінскіх дамоўленасцяў, сярод якіх пытанні спынення агню, выхаду на лінію размежавання, якая замацаваная ў мемарандуме ад 19 верасня, адводу войскаў і цяжкага ўзбраення, а таксама найхутчэйшага вызвалення ўсіх заложнікаў".

Ці адбудзецца пасяджэнне кантактнай групы ў Мінску 26 снежня, пакуль невядома.
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН