Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/12/27/749588_749589/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:05
27.12.2014 11:31 Палітыка

У АБСЕ спадзяюцца на безадкладную сустрэчу кантактнай групы па Украіне

Мінск, 27 снежня. Старшыня АБСЕ, міністр замежных спраў Швейцарыі Дзідзье Буркхальтэр спадзяецца, што наступная сустрэча трохбаковай кантактнай групы Украіна — Расія — АБСЕ з удзелам прадстаўнікоў "пэўных рэгіёнаў Данецка і Луганска" адбудзецца без лішніх затрымак. Пра гэта гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай прэс-службай АБСЕ позна вечарам 26 снежня.
Як вынікае з заявы, на 26 снежня было запланавана пасяджэнне групы ў працяг сустрэчы, якая адбылася ў Мінску ў мінулую сераду.

Мэта сустрэч 24 і 26 снежня, узгодненых прэзідэнтамі Украіны, Расіі, Германіі і Францыі падчас тэлефоннай гутаркі ў пачатку гэтага тыдня, заключалася ў тым, каб прасунуцца наперад у чатырох галінах: спыненне агню і адвод узбраенняў; вызваленне заложнікаў і асоб, якія незаконна ўтрымліваюцца; дастаўка гуманітарнай дапамогі, а таксама некаторыя эканамічныя пытанні.

На сустрэчы ў Мінску 24 снежня трохбаковая кантактная група і прадстаўнікі Данецка і Луганска абмеркавалі ўсе гэтыя пытанні ў межах падрыхтоўкі да сустрэчы 26 снежня.

Буркхальтэр вітаў навіны, што ўказваюць на прагрэс у справе вызвалення заложнікаў і асоб, якія незаконна ўтрымліваюцца.

Старшыня АБСЕ падкрэсліў, што падпісаныя ў Мінску 5 і 19 верасня мірны пратакол і мемарандум працягваюць заставацца асновай і арыенцірам для мірнага ўрэгулявання канфлікту ва ўсходняй Украіне і павінны быць поўнасцю і добрасумленна выкананы ўсімі ўдзельнікамі. Ён таксама адзначыў, што адной з найважнейшых папярэдніх умоў для ўрэгулявання ваенных, палітычных, эканамічных і сацыяльных аспектаў канфлікту з'яўляецца выкананне ўсіх пунктаў мінскіх дамоўленасцяў.

Буркхальтэр заклікаў усе бакі "падвоіць намаганні" для пошуку вырашэння пытанняў па дастаўцы гуманітарнай дапамогі ў пацярпелыя ад вайны рэгіёны Украіны. Усе ўдзельнікі перамоў абавязаныя прыкласці ўсе намаганні для выканання рэжыму спынення агню, каб пазбегнуць далейшых ахвяр, гаворыцца ў заяве старшыні АБСЕ.

Чаму запланаваная на 26 снежня сустрэча не адбылася, у заяве не тлумачыцца.

Нагадаем, пасяджэнне кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе 24 снежня доўжылася больш за пяць гадзін. У ім удзельнічалі афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні і былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, пасол Расіі ў Кіеве Міхаіл Зурабаў і прадстаўнікі сепаратыстаў з так званых луганскай і данецкай народных рэспублік (ЛНР і ДНР) — Уладзіслаў Дзяйнега і Дзяніс Пушылін. Удзельнікі сустрэчы не сталі сустракацца з прэсай.

Паводле адрывістых неафіцыйных звестак з розных крыніц, гаворка ў Мінску ў мінулую сераду ішла ў першую чаргу пра абмен усімі палоннымі і ўсталяванне лініі размежавання паміж варожымі бакамі. Паведамлялася таксама, што па пытанні выканання мінскіх пратакола і мемарандума застаюцца значныя рознагалоссі.

Прадстаўнік ДНР у кантактнай групе Дзяніс Пушылін у эфіры тэлеканала "Россия 24" 26 снежня паведаміў таксама, што дасягнута пэўнае прасоўванне па праблеме эканамічнай блакады Данбаса, але дакументы пакуль не падпісаныя. "Захады гэтыя вызначаны, але я не буду цяпер і не маю права іх выдаваць, пакуль яны не выкананыя ці не падпісаныя адпаведныя дакументы. Тым не менш, па шэрагу момантаў ёсць пэўны рух наперад", — сказаў Пушылін. Дата чарговых перамоў пакуль невядомая.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН